Запіс па тэлефоне +375 (17) 374-83-22

Пра музей

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь – адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі – гэта каля 500 тыс. адзінак захоўвання. У структуру Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь таксама ўваходзяць 5 філіялаў – Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Музей прыроды і экалогіі.

Здание музея

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь пачынае сваю гісторыю як установа ад 15 снежня 1956 г. Распараджэннем Савета Міністраў Беларускай ССР аб стварэнні з 1 студзеня 1957 г. арганізацыйнай групы для правядзення падрыхтоўчых работ па адкрыцці Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, які адкрыўся для наведвальнікаў у 1967 г. пад назвай Дзяржаўны музей БССР. 

Вытокі збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь узыходзяць да Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, створанага ў 1908 г., а таксама шэрагу цэнтральных музейных устаноў Савецкай Беларусі 1920-1930-х гадоў. У 1919 – 1923 гадах у Мінску працаваў Абласны музей, у 1923 г. ператвораны ў Беларускі дзяржаўны музей. У 1930 г. установу перайменавалі ў Мінскі сацыяльна-гістарычны музей. У гады Вялікай Айчыннай вайны музейны збор быў часткова разрабаваны нямецкімі акупантамі, часткова вывезены ў Германію і Аўстрыю. Пасля вайны ўдалося вярнуць каля 15000 прадметаў з даваенных калекцый. Установа хутка стала адным з самых папулярных музеяў рэспублікі, найважнейшым навукова-метадычным цэнтрам музейнай, гісторыка-краязнаўчай і рэстаўрацыйнай работы. У 1992 г. музей атрымаў назву Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. У 2009 г. назва была зменена на Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

У цяперашні час Дзяржаўная установа «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь» з’яўляецца адным з музеяў рэспубліканскага значэння, якія знаходзяцца ў непасрэдным падначаленні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры музей выконвае функцыі агульнадзяржаўнага каардынацыйнага і навукова-метадычнага цэнтра музеяў гістарычнага і прыродазнаўчага профілю. 

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці музея з’яўляюцца: камплектаванне музейных фондаў, улік, захаванне і рэстаўрацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў; стварэнне і адкрыццё часовых экспазіцый, мадэрнізацыя пастаянных экспазіцый філіялаў; вывучэнне, выкарыстанне і папулярызацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў, правядзенне на іх аснове навуковых даследванняў, выдавецкай дзейнасці; экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музея, культурна-асветніцкая работа і культурна-адукацыйная дзейнасць, аказанне іншых платных паслуг насельніцтву; правядзенне і ўдзел у навукова-практычных семінарах і канферэнцыях, іншых мерапрыемствах у сферы музейнай справы (павышэнне кваліфікацыі, камандзіроўкі навуковага характару; арганізацыя міжнародных культурных праектаў; здзяйсненне метадычнай работы, аказанне кансультатыўнай дапамогі рэгіянальным музеям гістарычнага і прыродазнаўчага профілю. 

Калектыў музея неаднаразова адзначаўся падзячнымі лістамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і інш.

На пляцоўцы музея праходзяць музейныя форумы, навуковыя канферэнцыі, прэзентацыі і іншыя мерапрыемствы. Асобна выдзяляецца праект музейнай інклюзіі, арганізаваны супрацоўнікамі музея, які дазваляе знаёміцца з музейнай экспазіцыяй людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Высокая ацэнка вынікаў дзейнасці супрацоўнікаў музея была дадзена на V Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” у 2022 годзе, дзе праект “Гісторыя без межаў” быў адзначаны дыпломам I ступені ў намінацыі “За лепшае музейнае выданне”. У той самы час праект “Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры” быў уганараваны дыпломам II ступені ў намінацыі “За лепшы экспазіцыйна-выставачны паект”.