Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

КНІГА ІСУСА СІРАХАВА

КНІГА ІСУСА СІРАХАВА

Пятая кнігa канвалюта са збору ДГМ

Кніга мудрасці Ісуса, сына Сіраха, або Кніга Ісуса Сірахава – адна з кніг Старога Запавету. Па сваім змесце яна ўяўляе сабой дастаткова буйны збор выказванняў па розных жыццёвых сітуацыях – радасці і гора, здароўя і хваробы, беднасці і багацця, адносін да сяброў і ворагаў, старэйшых і малодшых… Твор мае навучальны, афарыстычны характар; яго звычайна ставілі ў адзін шэраг з Прытчамі Саламона, Эклезіястам і Песняй Песняў. Аўтарства кнігі прыпісваецца надзвычай адукаванаму, з вялікім жыццёвым вопытам чалавеку – Ісусу з Ерусаліма, бацька якога насіў імя Сірах. Сачыненне пісалася на іўрыце ў ІІІ – ІІ стст. да н.э. Унук аўтара ў 132 г. да н.э., па іншым меркаванні – каля 230 г. да н.э., унёсшы ўдакладненні і стылістычныя праўкі, пераклаў яго на грэчаскую мову. Грэчаскі, а затым лацінскі пераклады зрабілі кнігу шырока запатрабаванай багасловамі і айцамі Царквы ранняга хрысціянства. Пераклад на царкоўнаславянскую маглі зрабіць вучні святых Кірылы і Мяфодзія.

Кніга ў перакладзе Скарыны з’явілася ў Празе 5 снежня 1517 г., стаўшы наступнай пасля выхаду Прытчаў Саламона. У ёй 82 аркушы. Размяшчэнне тэкстаў – згодна з прынятай Скарынам схемай: тытул з гравюрай, прадмова, асноўны тэкст, пасляслоўе. Аднак існуюць адрозненні: у кнізе дзве гравюры (тытульная “Дыспут” і Партрэт) і дзве прадмовы. Першая прадмова, якая займае дзве старонкі, – аўтарская ў перакладзе Скарыны; тая, што ідзе следам на пяці старонках – уласнае сачыненне перакладчыка і выдаўца. Другая гравюра змешчана ў самым канцы, за пасляслоўем.

Ва ўласным тэксце Скарына разважае пра вялікую асветную ініцыятыву егіпецкага цара Пталемея, дзякуючы якой нарадзіўся першы ў свеце класічны пераклад Бібліі – Септуагінта, мовай якога была грэчаская. У постаці Ісуса Сірахава Скарына падкрэсліваў яго адукаванасць і моцны асветніцкі пачатак, такія блізкія самому беларускаму вучонаму і асветніку.

Вядомыя на сённяшні дзень экзэмпляры Кнігі Ісуса Сірахава захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі; Бібліятэцы Расійскай акадэміі навук, Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, Дзяржаўным гістарычным музеі (усе – Расійская Федэрацыя), Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вярнадскага, Нацыянальным музеі імя А. Шаптыцкага ў Львове (усе – Украіна), Нацыянальным музеі ў Празе (Чэшская Рэспубліка).

ГРАВЮРА. ПАРТРЭТ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

КНІГА ІСУСА СІРАХАВА

Памер: 160х105 мм

У цэнтры ўмоўнага кабінета вучонага – постаць Скарыны, які сядзіць на нізкім табурэце перад пюпітрам з раскрытым сшыткам ці кнігай. З пюпітра спускаецца арнаментаваная тканіна, у цэнтры якой – “сонца маладзіковае”, выява персаніфікаваных Месяца і Сонца ў іх саюзе, знак беларускага асветніка. Ён апрануты ў прасторную доктарскую мантыю; на галаве – берэт. У правай руцэ – інструмент для пісьма; правая нага, сагнутая ў калене і прыкрытая складкамі мантыі, ляжыць на нізкай лаўцы. Твар з мяккімі акруглымі рысамі павернуты ў тры чвэрці ўлева ад гледача, позірк скіраваны да іншага пюпітра з раскрытай кнігай. У постаці Скарыны адлюстравалася пачуццё яго ўласнай годнасці.

Прастора запоўнена шматлікімі прадметамі: унізе справа – свечка з рэфлектарам і пчала; злева ўнізе – плецены кошык, вышэй – гліняны збан; злева ад Скарыны – вертыкальныя паліцы з кнігамі, асобна стаіць пясочны гадзіннік. Сярод прадметаў дамінуе аб’ект у правым верхнім вуглу – армілярная сфера, астранамічны інструмент для разліку становішча нябесных цел, абавязковы атрыбут у дамах інтэлектуалаў і адукаваных арыстакратаў XV–XVI стст. Большасць прадметаў гравюры мае сімвалічны сэнс. Графічныя знакі, што на шчытах справа і злева, а таксама манаграма, што над плеценым кошыкам злева, застаюцца нерасшыфраванымі.

На другім плане, па баках – калоны, паміж якімі гірлянда з дубовага лісця і да якіх прытуліліся вельмі ўмоўна пазначаныя фігуры геральдычных львоў–шчытатрымальнікаў. Зверху ў цэнтры на светлым прамавугольным шыльдзіку – кірылічныя лічбавыя знакі, у якіх абазначаны год выдання – 1517. Шыльдзік цёмнага колеру змясціўся ў самым нізе ў цэнтры; на ім – подпіс, выкананы вяззю зычнымі літарамі кірылічнага алфавіту; у ім адназначна расшыфраваны другое і трэцяе словы: “…Францыск Скарына”. Першы знак да канца не раскрыты.

Скарына прадстаўляе сябе вучоным, інтэлектуалам, асветнікам, для якога працэс пазнання, веды і асвета суайчыннікаў адыгрываюць найважнейшыя ролі. Аднак на партрэце не толькі вучоны муж, абазнаны ў розных галінах ведаў але, найперш, – перакладчык у працэсе пераадолення “цяжкасцяў перакладу”. Месца для гравюры вызначана ў той кнізе, дзе шмат увагі прысвечана дзейнасці першых перакладчыкаў Бібліі. Стваральнікі гравюры – мастак, рэзчык, друкар – прафесіяналы вышэйшага класу. Факт змяшчэння рагорнутага партрэта свецкай асобы ў свяшчэннай кнізе – выпадак унікальны.