Запіс па тэлефоне +375 (17) 374-83-22

“Вайсковае абмундзіраванне і рыштунак”

Ваенная ўніформа – адзенне, нашэнне якой з’яўляецца абавязковым для любой воінскай часткі і для кожнага роду войскаў, форма яе ўсталявана правіламі або адмысловымі ўказамі. Уніформа з’яўляецца  адной з самых знакавых рысаў рэгулярных войскаў.

Калекцыя пачала фарміравацца ў 1957 г., дзякуючы перадачам прадметаў з музеяў Беларусі і Расіі. Яе храналагічныя рамкі ахопліваюць перыяд ад XVI да ХХ ст.  Гэта мундзіры (стралецкі кафтан, вайсковы жустакор, фрачныя мундзіры, паўкафтаны, камізэлькі, кіцелі, гімнасцёркі), верхняе адзенне (епанча, шынэлі), галаўныя уборы, у тым ліку спецыяльнага прызначэння (шапкі грэнадзёрскія, капялюш двухвугольны, ківеры, каскі скураныя, шапкі футравыя, шапкі фуражныя, фуражкі, шлемы тканевыя, шлемы танкавыя, шлемы лётныя, шлем для падводнікаў), металічныя дэталі абмундзіравання (спражкі, гузікі, налобнікі, бляхі, кукарды), знакі адрознення (эпалеты, аксельбанты, пагоны). Значную частку па колькасці прадметаў прадстаўляе ахоўнае ўзбраенне: баявыя нагалоўі (шлемы адкрытыя, шлемы замкнутыя, каскі), нацельная браня (кольчаты даспех, пласцінавы даспех), дадатковая браня (наручы, понажы, іншыя сродкі аховы), аптычныя прыборы, сродкі сувязі, і інш.

Вялікую музейную каштоўнасць уяўляюць камплекты гусарскіх кірас вершнікаў Рэчы Паспалітай канца XVII – першай паловы XVIII ст.

Прадстаўлены рэгіёны і краіны: Рэч Паспалітая, Польшча, Маскоўская дзяржава і Расійская імперыя, Францыя, Германія, Аўстрыя, СССР, Рэспубліка Беларусь.