“Гадзіннікі”
Гэта адна з самых запатрабаваных для экспанавання калекцыя, бо яе прадметы валодаюць высокай ступенню атрактыўнасці. Пераважную большасць прадстаўляюць гадзіннікі побытавага прызначэння: кішэнныя, наручныя, настольныя, насценныя, падлогавыя, камінныя і адзін карэтны. На жаль, вулічныя і вежавыя гадзіннікі пакуль адсутнічаюць. Першым прадметам, зарэгістраваным у калекцыі (1960 г.) была рэканструкцыя сонечнага гадзінніка 1779 г. з выкарыстаннем аўтэнтычных фрагментаў арыгіналу. Рарытэтным з’яўляецца карэтны гадзіннік ХІХ ст., яго знешняе афармленне нагадвае форму велізарнай плоскай цыбулі. Па колькасным крытэрыі ў калекцыі лідыруюць кішэнныя і насценныя гадзіннікі ХІХ ст. Добра прадстаўлены вядучыя швейцарскія маркі DOXA, LONGINES, OMEGA, ZENITH. Гадзіннікі заўсёды лічыліся прэстыжным падарункам. Шэраг кішэнных гадзіннікаў маюць дарчыя надпісы: “Михаилу. Честному воину Красной Армии”, “Ударнику труда” і г. д.
У перыяд існавання СССР Беларусь была адной з нямногіх рэспублік, на тэрыторыі якіх дзейнічалі гадзіннікавыя прадпрыемствы. У калекцыі музея захоўваюцца ўзоры мадэляў 1960-х гадоў мінскага гадзіннікавага завода «Луч», а таксама серыйныя наручныя электронныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй мінскага вытворчага аб’яднання «Інтэграл». Гадзіннікі з механічным заводам практычна сышлі з карыстання, а разам з імі знік характэрны гук, які спрыяў стварэнню ўтульнасці і спакою ў многіх дамах. Калекцыя гадзіннікаў можа захоўваць арыгіналы не толькі прадметаў, але і гукаў.



