“Філакартыя”
Калекцыя філакартыі налічвае каля 10 тыс. адзінак захоўвання. У ёй прадстаўлены паштовыя карткі, пачынаючы з 90-х гг. ХІХ ст. Выкананы яны на паперы, дрэве, кардоне, тканіне ў разнастайных тэхніках – шляхам тыпаграфскага друку, фотадруку, малюнку, выпальвання.
Гістарычную каштоўнасць прадстаўляюць паштоўкі пачатку ХХ ст. з відамі гарадоў і мястэчак Беларусі – Мінска, Віцебска, Гародні, Гомеля, Магілева, Слуцка, Нясвіжа, Ліды, Слоніма, Барысава, Навагрудка, Бабруйска, Полацка і іншых населеных пунктаў. Яны выйшлі ў выдавецтвах Вільні, Масквы, Пецярбурга, Мінска, Стакгольма, Берліна.
Унікальнымі з’яўляюцца паштовыя карткі Беларускага выдавецкага Таварыства ў Пецярбургу “Загляне сонца і ў наша ваконца” (1906–1913) з партрэтамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, фотаздымкамі этнаграфічнага характару “Янка Лучына”, “Францішак Багушэвіч”, “Беларускі дудар”, “Кірмаш у Пухавічах” і інш. Менавіта на гэтых паштоўках упершыню з’явіліся надпісы на беларускай мове.
Вялікую цікавасць маюць паштовыя карткі, выдадзеныя у перыяд Першай сусветнай (1914–1918) і Вялікай Айчыннай (1941–1945) войнаў краінамі–удзельнікамі ваенных дзеянняў: Расіяй, Германіяй, Францыяй, Аўстрыяй і інш.
Асобна варта адзначыць віншавальныя паштоўкі пачатку ХХ ст. – “З Калядамі!”, “З Новым годам!”, “З Вялікаднём!”.
Паштоўкі, выдадзеныя ў савецкі час, наглядна распавядаюць пра побыт гарадскіх і вясковых жыхароў. Гэта невялікія па накладу выпускі Выдавецтва Беларускага Чырвонага Крыжа 1920-х гг. – “Беларуская жняя”, “Палудзеннік”, “На кірмашы”, “У вёсцы”, “Саўгас “Новы двор”, фотапаштоўкі з відамі Мінска, павільёнаў І прамысловай выставы (1930) і інш.
З сучасных паштовак пэўную цікавасць уяўляюць аўтарскія работы мінчаніна Уладзіміра Суцягіна, выкананыя фотаспосабам на працягу 1984–1996 гг. Асноўная іх тэма – стан помнікаў архітэктуры Беларусі. Ілюстрацыйныя паштоўкі з мастацкімі тэкстамі, звязаныя вызначанай тэмай, пакладзены ў аснову арткнігі Ігара Саўчанкі “Спакушэнні Сяргеева” (2001).