Запіс па тэлефоне +375 (17) 374-83-22

“Апараты. Устройствы”

Грамафоны, патэфоны, тэлевізары, магнітафоны, акустычныя калонкі, мікрафоны і да т. п. – усё гэта прадметы названай калекцыі. Яна бярэ пачатак ад 1961 г., калі ў музейны фонд паступілі радыёпрыёмнікі “Турист”, выпушчаныя ў 1957 г. на рыжскім заводзе ВЭФ, і “Искра” выпуску 1955 г., вырабленыя ў г. Аляксандраве (Расія). Абодва прывезены супрацоўнікамі музея з экспедыцыі 1961 г. на цалінныя землі Казахстана. Цікавым з’яўляецца нямецкі радыёпрыёмнік “Telefunken” (паступленне 1983 г.), выраблены ў маі 1939 г. за некалькі месяцаў да пачатку Другой сусветнай вайны. Ён прызначаўся для польскага рынку збыта, пра што сведчаць польскамоўныя пазначэнні на шкале прылады. Гэтая марка радыёпрыёмнікаў была дастаткова папулярнай сярод жыхароў Заходняй Беларусі. Узоры прадукцыі мінскіх заводаў па вырабу радыё- і тэлеапаратуры 1940-х – 1980-х гг. таксама знаходзяцца ў прадстаўленым зборы – радыёпрыёмнік “КИМ”, тэлевізары “Гарызонт”, радыёпрыёмнікі “Селена”, “Океан”. Адзін з найбольш ранніх па часе вырабу прадметаў – музычная шкатулка фірмы Юлія Генрыха Цымермана, якая датуецца 1888 г. Яна выпушчана ў першае пяцігоддзе існавання фабрыкі, заснаванай Цымерманам у 1883 г. у Пецярбургу. Некаторыя прадметы калекцыі прадстаўлены на сталай экспазіцыі музея. Сярод іх – музычная скрыня канца ХІХ ст. “Kalliope” і мікрафон са струнным рэзанатарам фірмы “Klingsor”.