Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Выставачны праект «Песня – душа народа»

11 верасня 2025 года адкрываецца выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Песня – душа народа»

«Песня – гэта душа народа, яго жывая гісторыя», – гэтыя словы належаць харавому дырыжору, кампазітару, педагогу, фалькларысту-музыказнаўцу Рыгору Раманавічу Шырме. Р.Р. Шырма з’яўляецца аўтарам запісаў, гарманізацый, музычнага афармлення і публікацыі больш за 5000 беларускіх народных песень, артыкулаў і даследаванняў па пытаннях беларускага мастацтва, фальклору, харавым выкананні.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, у 1940 г. Р.Р. Шырма арганізаваў і ўзначаліў Беларускі ансамбль песні і танца, які з 1950 г. атрымае назву «Дзяржаўны акадэмічны хор БССР», а з 1957 г. «Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР». Сёння харавы калектыў з гонарам носіць назву «Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы». Захоўваючы традыцыі, закладзеныя заснавальнікам, ансамбль з упэўненасцю рухаецца да новых дасягненняў. Хор адрознівае высокая музычная культура, яркая эмацыйнасць, багацце дынамічнай шкалы гучання, інтанацыйная чысціня і выразнасць спеваў. Кожная песня ансамбля – гэта асобная сцэнічная пастаноўка.

У 2025 г. калектыў адзначыў юбілей – 85 гадоў з дня заснавання. Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны выставачны праект, які прысвечаны гісторыі капэлы. Экспазіцыя складаецца з інфармацыйна-графічнай і прадметнай частак. На планшэтах размешчаны QR-коды, дзякуючы якім наведвальнікі змогуць праслухаць запісы выступленняў капэлы. Аб жыцці і творчасці Р.Р. Шырмы і яго калектыва распавядуць экспанаты з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: асабістыя рэчы, фатаграфіі і дакументы. Вялікая ўвага нададзена беларускай народнай музычнай культуры, якая стала асновай творчасці капэлы. У экспазіцыі таксама прадстаўлены дакументы, фатаграфіі і фоназапісы са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, матэрыялы Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы і Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга філармоніі.