Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»
Дзіўны і крыху казачны свет навагодняга чараўніцтва традыцыйна расчыніць дзверы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь з 25.10.2025 года. «Музей ёлачных цацак» – гэта праект, які рэалізаваны сумесна з Фабрыкай ёлачных цацак «ГРАЙ» («Ганарыся Рэчамі АЙчыны!»).
На выставе прадстаўлена калекцыя ёлачных цацак з усяго свету, якая штогод папаўняецца новымі ўнікальнымі экспанатамі. У «Музеі ёлачных цацак» кожнае дзіця зможа перанесціся ў чароўную навагоднюю казку, а дарослыя – вярнуцца ў дзяцінства. Наведвальнік пазнаёміцца з традыцыйнымі зімовымі святамі Беларусі, унікальнымі абрадамі і навагоднімі батлеечнымі інтэрмедыямі. Экспазіцыя раскажа гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгожванняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Тут можна адначасова пабываць у розных кутках свету: Конга, Перу, Інданезіі, Новай Зеландыі і Паўночнай Карэі. Навагоднія цацкі савецкага перыяду, якія сталі блізкімі і роднымі некалькім пакаленням, раскажуць дзецям аб традыцыях навагодніх святаў у часы СССР. Адзін з акцэнтаў праекта – мініяцюрнае інтэрактыўнае каляднае мястэчка.
Госці музея, шпацыруючы ўздоўж вітрын са старадаўнімі каляровымі шарамі і далікатнымі вінтажнымі цацкамі, перанясуцца ў атмасферу цяпла і ўтульнасці зімовых свят! Казачная выстава «Музей ёлачных цацак» натхніць на пошукі незвычайных падарункаў, бо апошнім часам стала папулярным падносіць ёлачныя шары ў якасці навагодняга віншавання.
У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ».
Запрашаем пагрузіцца ў атмасферу чарадзейных зімовых святаў!

