Выставачны праект “Беларускі рубель: 30 гадоў нацыянальнай валюце”
17 кастрычніка 2024 года ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачне працу часовы выставачны праект, прымеркаваны да 30-годдзя з дня зацвярджэння беларускага рубля адзіным законным плацежным сродкам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
19 кастрычніка 2024 года спаўняецца 30 гадоў з моманту прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь пастановы, якая заканадаўча замацавала Беларускі рубель у якасці адзінага законнага плацежнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дадзенае рашэнне стала заключным этапам у працэсе здабыцця беларускім рублём статусу нацыянальнай грашовай адзінкі.
Нацыянальная валюта выступае не толькі важным эканамічным інструментам, але і адным з галоўных атрыбутаў суверэннай дзяржавы. У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці будзе прадстаўлена часовая экспазіцыя «Беларускі рубель: 30 гадоў нацыянальнай валюце», прысвечаная гісторыі фарміравання і станаўлення сучаснай грашовай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь.
Матэрыялы экспазіцыі адлюстроўваюць храналогію станаўлення і развіцця беларускага рубля ў Рэспубліцы Беларусь, пачынаючы з 1990-х гг.і заканчваючы сучасным этапам.
У экспазіцыі будуць упершыню прадстаўлены дакументы і прадметы, якія ілюструюць працэс распрацоўкі і фарміравання грашовай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь. Асобным блокам будзе адлюстравана работа Нацыянальнага банка па выпуску памятных і юбілейных манет.
Выставачная экспазіцыя падрыхтавана сумесна з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.