Фотавыстава «Беларусь сінявокая»
31 студзеня 2025 года ў Музеі прыроды і экалогіі пачынае працу фотавыстава «Беларусь сінявокая».
Выставачная экспазіцыя прымеркавана да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаецца 2 лютага. У гэты дзень у 1971 годзе ў Рамсары (Іран) была прынята Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях. Дадзены дакумент з’яўляецца міжурадавым дагаворам, мэта якога – “захаванне і разумнае выкарыстанне ўсіх водна-балотных угоддзяў шляхам ажыццяўлення мясцовых, рэгіянальных, нацыянальных дзеянняў і міжнароднага супрацоўніцтва”. Абавязацельствы па Рамсарскай канвенцыі Рэспубліка Беларусь прыняла і ратыфікавала ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 1999 г. № 292 «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак». Яе дзеянне ўступіла ў сілу для Беларусі 10 верасня 1999 г., а 22 лістапада 1999 г. Рамсарскім камітэтам ужо была прынята першая беларуская заяўка на стварэнне водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (ім стаў заказнік рэспубліканскага значэння «Спораўскі»).
У Беларусі водна-балотныя ўгоддзі займаюць значную частку тэрыторыі і ўяўляюць сабой унікальныя прыродныя рэсурсы. Азёры, балоты і рэкі краіны з’яўляюцца месцам пасялення для мноства відаў жывёл і раслін, а таксама выконваюць важныя функцыі, такія як ачыстка вады, рэгуляванне клімату і абарона ад паводак.
На выставе «Беларусь сінявока» будуць прадстаўлены фотаработы Васіля Белякова. Фотамастак-падарожнік з’яўляецца членам Саюза фатографаў Беларусі, членам Саюза дызайнераў Беларусі. У пешых і веласіпедных маршрутах ён пераадолеў каля 40 тысяч кіламетраў. Наведвальнікі фотавыставы змогуць ацаніць захапляльныя віды звілістых рэк, чыстых азёр, балот. Выставачная экспазіцыя налічвае больш за 20 здымкаў. Усе яны без лічбавай апрацоўкі – гэта прынцыповая пазіцыя аўтара. Выставачны праект дасць магчымасць задумацца аб важнасці вадаёмаў і неабходнасці іх аховы.
