Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя «Увага! Гаворыць Мінск!»

15 лістапада 2025 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу часовая экспазіцыя «Увага! Гаворыць Мінск!», прысвечаная 100-годдзю беларускага радыё.

Векавы юбілей беларускага радыё – значная падзея ў гісторыі краіны, якая падкрэслівае важнасць гэтага сродку масавай інфармацыі для беларускага грамадства. На працягу стагоддзя беларускае радыё стала не толькі крыніцай інфармацыі, але і прыярытэтным інструментам фарміравання грамадскай думкі, папулярызацыі нацыянальнай культуры і традыцый, развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці.

Часовая экспазіцыя «Увага! Гаворыць Мінск!» стане важнай падзеяй не толькі для аматараў гісторыі, але і для ўсіх, хто цікавіцца развіццём медыяпрасторы Беларусі. Выставачны праект ахоплівае ключавыя моманты ў гісторыі беларускага радыё, пачынаючы з першых эксперыментаў з радыёвяшчаннем у пачатку ХХ стагоддзя і заканчваючы сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі.

На выставе будуць прадстаўлены рэдкія і ўнікальныя матэрыялы, сярод іх фатаграфіі, радыётэхніка, плакаты і відэаматэрыялы, якія ілюструюць багатую і разнастайную гісторыю беларускага радыёвяшчання. Наведвальнікі змогуць убачыць, як змянялася радыё на працягу ста гадоў – ад першых перадач да сучасных тэхналогій.

Асаблівая ўвага на выставачным праекце нададзена інтэрактыўным зонам, якія зробяць наведванне яшчэ больш займальным. Інтэрактыўная прастора дасць магчымасць не толькі даведацца аб значных падзеях і асобах, але і адчуць атмасферу кожнай эпохі.

У аснове выставы – музейныя прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, рэдкія дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, фота – і відэадакументы са збору Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, а таксама ўнікальныя запісы радыёперадач, прадастаўленыя Генеральным прадзюсарскім цэнтрам Беларускага радыё.

«Увага! Гаворыць Мінск!» – гэта сапраўднае падарожжа ў часе, дзе кожны зможа стаць часткай гісторыі беларускага радыёвяшчання. Мы запрашаем усіх жадаючых далучыцца да нас і разам адзначыць гэтую значную падзею!

Выстава працуе па 31 сакавіка 2026 года.