Часовая экспазіцыя “У свеце камянёў”
23 кастрычніка 2025 года ў Музеі прыроды і экалогіі, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адкрываецца часовая экспазіцыя з геалагічных збораў фондаў музея “У свеце камянёў”.
Часовая экспазіцыя пазнаёміць з геалагічнай гісторыяй Беларусі, карыснымі выкапнямі, якія здабываюцца ў краіне, іх роляй у эканоміцы.
На выставе прадстаўлены шырокі спектр метамарфічных і магматычных парод – ад граніту да мармуру, ад базальту да дыярыту. Наведвальнікі змогуць знайсці адрозненні паміж ападкавымі пародамі, убачыць разнастайнасць іх форм і саставаў, а таксама пазнаёміцца з пародамі арганічнага паходжання, такімі як сланец, торф, вугаль.
Часовая экспазіцыя не толькі будзе пазнавальная для наведвальнікаў, але і натхніць іх на больш глыбокае разуменне важнасці захавання навакольнага асяроддзя і беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Запрашаем вас пагрузіцца ў захапляльнае падарожжа ў свет камянёў!
