Часовая экспазіцыя “Беларускі дзяржаўны тэатр у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1944 гг.)”

9 мая ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу часовая экспазіцыя “Беларускі дзяржаўны тэатр у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1944 гг.)”, прысвечаная 105-годдзю з дня адкрыцця ў Мінску Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы.
Вялікая Айчынная вайна заспела Беларускі дзяржаўны тэатр на гастролях у Адэсе. Трупе давялося, не вяртаючыся ў Мінск, ехаць у Сібір. Гасцінны Томск прытуліў артыстаў і даў мажлівасць працаваць у будынку гарадскога тэатра. Праз месяц пасля прыезду тэатр змог разгарнуць творчую дзейнасць, адкрыўшы восеньска-зімовы сезон 1941-1942 г. занава аформленым спектаклем “Партызаны” К. Крапівы.
У незвычайна кароткі тэрмін былі адноўлены ў поўным мастацкім афармленні спектаклі: “Хто смяецца апошнім” К.Крапівы, “Платон Крэчат” А.Карнейчука, “Фландрыя” В.Сарду, “Хлопец з нашага горада” К. Сіманава і інш.
Хутка ў рэпертуары БДТ-1 сталі з’яўляцца творы аб гераічнай барацьбе савецкага народа супраць фашысцкіх захопнікаў:“Крылатае племя” А.Первенцава, “Душа Масквы” Л.Нікуліна, “Фронт” А.Карнейчука, “Рускія Людзі” К.Сіманава, “Урок жыцця” В.Галаўчынера, “Палешукі” Я.Рамановіча і інш.
Дзеячы беларускага тэатра сваю галоўную задачу бачылі ў мабілізацыі духоўных сіл народа на разгром ворага. Традыцыі ўзняцця баявога духу ў байцоў і камандзіраў арміі атрымалі асабліва яркае выяўленне. Побач са шматлікімі брыгадамі тэатраў, БДТ-1 таксама пасылае свае брыгады на фронт са спецыяльна падрыхтаванай праграмай: першую, пад кіраўніцтвам Г.Глебава, на Калінінскі фронт, другую, на чале з У.Уладамірскім, у вызвалены Гомель.
Творчы шлях БДТ-1 з самага пачатку яго існавання быў звязаны з драматургіяй народнага паэта Беларусі Я. Купалы, а пасля трагічнай смерці паэта, калектыў вырашыў паставіць яго знакамітую п’есу “Паўлінка”.У жніўні 1944 г. урад БССР прысвоіў БДТ-1 імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, што было сведчаннем высокай ацэнкі творчай дзейнасці вядучага нацыянальнага драматычнага калектыву.
3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск ад фашысцкіх захопнікаў. У канцы верасня пачаўся пераезд тэатра з Томска ў Мінск і ў пачатку кастрычніка калектыў апынуўся ў сваім родным горадзе.
На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены фотаздымкі трупы падчас эвакуацыі, асабістыя рэчы артыстаў, эскізы тэатральных пастаноў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.