Часовая экспазіцыя “Беларусь адзіная і непераможная”
З 19 снежня 2024 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працуе часовая экспазіцыя “Беларусь адзіная і непераможная”.
Дзень народнага адзінства – дзяржаўнае свята, заснаванае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 года. 17 верасня 1939 года – пачатак вызвалення Чырвонай арміяй Заходняй Беларусі і яе ўз’яднання з Беларускай ССР. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы, і назаўжды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.
Заходнія вобласці Беларусі (каля 100 тыс. кв. км з насельніцтвам звыш 3 млн. чалавек) на два дзесяцігоддзі ўвайшлі ў склад польскай дзяржавы. На гэтых тэрыторыях не было рэалізавана права беларусаў на самавызначэнне, ім прыйшлося зведаць розныя формы дыскрымінацыі: сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, эканамічную. Тысячы простых беларусаў, сотні дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, паэты, пісьменнікі падвяргаліся рэпрэсіям, былі арыштаваны і адпраўлены ў польскія турмы.
Дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства – служыць аб’ектыўным напамінам аб самадастатковасці беларускай нацыі і непахіснасці беларускай дзяржаўнасці, сімвалізуе пераемнасць усіх пакаленняў беларускага народа, фармуе пачуццё датычнасці кожнага грамадзяніна да лёсу краіны і ўмацоўвае згуртаванасць грамадства на шляху пабудовы моцнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі!
Вялікая Перамога – тое, што аб’ядноўвае людзей, народы, тое, што сагравае сэрцы, узвышае нашы духоўныя памкненні. 80 год пражыла Беларусь без вайны. Пражыла з памяццю аб героях, з памяццю аб зверствах фашыстаў, якія наладзілі ў нашым родным краі сапраўдную «індустрыю смерці». У канцлагерах, гета загінулі сотні тысяч людзей. Фашысты і іх прыслужнікі з паліцэйскімі павязкамі на рукавах знішчалі тысячы, дзясяткі тысяч мірных людзей. Расстрэльвалі за ваколіцамі, спальвалі ў адрынах, стайнях, забівалі ў родных хатах нашых дзядоў, прадзедаў, нашых блізкіх…
Беларусь памятае гэта. Міралюбівая палітыка нашай дзяржавы, імкненне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі рэалізаваць ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб цішыня, спакой, добрасуседства былі самымі галоўнымі прыярытэтамі развіцця на ўсёй планеце – усё гэта адбываецца і таму, што народ Беларусі не страчвае сувязь з гістарычнай памяццю.
Выстаўка “Беларусь адзіная і непераможная” заснавана на рарытэтных фатаграфіях, дакументах, друкаваных выданнях і рукапісных матэрыялах. Фотакалажы, якія дэманструюць віды нашых гарадоў і мястэчак даваеннага перыяду, выявы тых жа кварталаў пасля варварскіх нямецкіх бамбардзіровак і абстрэлаў, сучасныя віды населеных пунктаў, адноўленых у мірны час і за гады незалежнасці Беларусі.
Экспанаты будуць прадстаўлены з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама з унікальнай калекцыі лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне”, аўтара 50 патрыятычных кніг-альбомаў і праекта “Бацькаўшчына” – В.А. Ліхадзедава.
Таксама на выставе будзе працаваць інтэрактыўная віктарына “Бацькаўшчына”, прысвечаная гістарычнаму мінуламу беларускага народа.