Запіс па тэлефоне +375 (17) 374-83-22

Часовая экспазіцыя 1000 рарытэтаў Беларусі “Я Вам пішу…”

З 18  кастрычніка  ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу выставачны праект 1000 рарытэтаў Беларусі “Я Вам пішу…”. 

У першы дзень працы непасрэдна на выставе можна набыць тэматычную паштоўку, запоўніць канверт і бясплатна адправіць рэтра-віншаванне родным і блізкім у любы населены пункт Рэспублікі Беларусь!

На экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя старадаўнія лісты і паштоўкі, якія можна пачытаць і ўзяць у рукі, мэбля і пісьмовыя прылады розных эпох. Усе прадметы прадстаўляюць розныя рэгіёны Беларусі.

На выставе наведвальнікі ўбачаць розныя пісьмовыя прылады: алоўкі, пёравыя ручкі, першыя аўтаматычныя ручкі, пясочніцы, нажы для паперы, чарніліцы – усё тое, чым пры напісанні лістоў карысталіся людзі ў свой час. Многія з іх – імянныя. Можна паспрабаваць знайсці прадметы, што непасрэдна прыналежалі продкам.

На экспазіцыі прадстаўлены багаты асартымент канцылярскай прадукцыі айчынных і замежных вытворцаў беларускіх магазінаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

Наведвальнікі выставы пабываюць і ў паштовым аддзяленні савецкіх гадоў – стылізаванай пад 50-60-я гады ХХ стагоддзя зале Мінскага галоўпаштамта.

Для юных наведвальнікаў на выставе абсталявана дзіцячая пляцоўка, дзе можна сфатаграфавацца на фоне яркіх паштовак былых гадоў і паспрабаваць сябе ў ролі паштальёна.

Выстава працуе па 31 студзеня 2024 года.