Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя да юбілею заслужанай артысткі Беларусі Л.Я. Колас

У філіяле Націянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, адбудзецца часовая экспазіцыя, прымеркаваная да юбілею заслужанай артысткі Беларусі, опернай спявачкі, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Колас Людмілы Якаўлеўны.

Нарадзілася Людміла Якаўлеўна 13 мая 1950 года ў горадзе Чарнаўцы. Добры голас дастаўся ёй ад маці. З ранняга дзяцінства была зачаравана прыгажосцю музыкі і спеваў. Людміла Якаўлеўна скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976). Адразу пасля заканчэння кансерваторыі стала салісткай Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).

Творчасць Людмілы Колас адметна яркай эмацыянальнасцю, шчырасцю, высокім выканальніцкім майстэрствам, тонкай нюансіроўкай голасу. Створаныя ёю музычна-сцэнічныя вобразы вызначаюцца лірызмам, жаноцкай прывабнасцю.

У 1977 г. Людміла Якаўлеўна стала лаўрэатам 8-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І. Глінкі (2-я прэмія). З гэтага часу пачалася актыўная канцэртная дзейнасць Людмілы Колас. У 1983 годзе ўзнагароджана ганаровым званнем «Заслужаная артыстка Беларусі». З 1984 па 1985 год стажыравалася ў Цэнтры ўдасканальвання оперных спевакоў у тэатры «Ла Скала» (Італія).

Найбольш значныя партыі спявачкі: Віялета, паж Оскар («Травіята» і «Бал маскарад» Д. Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г. Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава), Прылепа («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Паола («Джардана Бруна» С. Картэса). За час працы ў тэатры спявачка выканала каля 1000 оперных партый, у тым ліку 16 прэм’ер, дала больш за 500 канцэртаў.

З 1986 г. Людміла Якаўлеўна выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе з 2006 г. узначальвае кафедру спеваў. Людміла Якаўлеўна – патрабавальны выкладчык, сапраўдны педагог, неабыякавы чалавек, які шмат робіць для развіцця маладых талентаў і атрымлівае ад сваёй працы вялікае задавальненне.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з асабістага архіва артысткі.

Уваход на часовую экспазіцыю па ўваходнаму квітку ў музей.