Кампанія МНС “Не прапальвай сваё жыццё!”
4 па 27 лістапада ў рэспубліцы пройдзе кампанія МНС “Не прапальвай сваё жыццё!”
«Выпіў-закурыў-заснуў» – формула пажару, якая штогод забірае жыцці курцоў. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні – адна з асноўных прычын пажараў у Рэспубліцы Беларусь. Статыстычныя даныя агністых здарэнняў, якія адбыліся па гэтай прычыне, не суцяшальныя: за 10 месяцаў 2024 года ў рэспубліцы зафіксавана 1010 “цыгарэтных” пажараў, а гібель склала 259 чалавек.
З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў перыяд з 4 па 27 лістапада пройдзе рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія “Не прапальвай сваё жыццё!”.
Пляцоўкамі для правядзення мерапрыемстваў стануць інтэрнаты (у тым ліку студэнцкія), вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, чыгуначныя вакзалы і аўтавакзалы, гандлёвыя аб’екты.
Работнікі МНС арганізуюць інтэрактыўныя заняткі, майстар-класы па выкарыстанні першасных сродкаў пажаратушэння, аказанні першай дапамогі, нагадаюць аб наступствах згубнай звычкі, прадэманструюць дзеянне аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, відэаролікі “Ахвяры згубнай звычкі”.
Студэнцкай моладзі работнікі прапаганды МНС, выкарыстоўваючы віктарыны, конкурсы, фотавыставы, інтэлектуальныя QUIZ-гульні, адкрытыя дыялогі, тэматычныя пляцоўкі і многае іншае, раскажуць аб шкодзе курэння, прывядуць прыклады пажараў і гібелі людзей ад іх з-за неасцярожнага абыходжання.
У перыяд правядзення кампаніі пройдзе інтэнсіўная пажарна-прафілактычная работа ў жылым сектары. Работнікі МНС наведаюць домаўладання і кватэры грамадзян, нагадаўшы аб неабходнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі.
Далучайцеся да мерапрыемстваў МНС, каб перамагчы ў барацьбе са згубнай звычкай, «не прапальваць сваё жыццё» і зрабіць яго бяспечным!