Музейныя заняткі
Вандроўка па палескім падворку
У юных вандроўнікаў, а таксама іх бацькоў ёсць унікальная магчымасць здзейсніць падарожжа ў дагістарычнае мінулае ў спецыяльнай інтэрактыўнай зале пад назвай “Жывая археалогія. Палескі падворак 2 тыс. да н.э.”
Занятак-падарожжа дапаможа наведвальнікам уявіць незвычайны разнастайны прадметны свет першабытных людзей. Падчас падарожжа можна пазнаёміцца з жаночым строем таго часу, ткацкімі прыстасаваннямі гарызантальнай і вертыкальнай канструкцыі, станком, на якім свідравалі камень, паспрабаваць секчы дрэва крамянёвай сякерай і шмат іншага.
Адмысловае вогнішча, дрэвы, камяні, гукі прыроды дапамагаюць паглыбіцца ў архаічны час.
Для наведвальнікаў 1–3 класаў.

Археалагічныя раскопкі
Дзецям прапануецца на некаторы час стаць памочнікамі археолага, а дакладней – дапамагчы яму правесці археалагічныя раскопкі на ўяўленым гарадзішчы жалезнага веку “Малышкі”. Пад кіраўніцтвам музейнага педагога дзеці не толькі даследуюць культурныя слаі, але і вызначаюць напрамкі свету, вядуць палявы дзённік, складаюць план раскопа.
Для вучняў 4–6 класаў.

Лялькі з бабулінага куфэрка
Прыемна быць крышку творцам, ствараць цёплае, добрае і радаснае, а пасля дарыць гэта родным і сябрам! Падчас занятку “Лялькі з бабулінага куфэрка” ўдзельнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з некаторымі абрадавымі лялькамі, але і зрабіць сваю, адметную і непаўторную. Тым больш лялькі, як галоўныя дзеючыя асобы абрадаў і традыцый нашых далёкіх продкаў, робяць мінулае больш цікавым і зразумелым. Гэта параўнальна малая, але вельмі прыкметная частка матэрыяльнай культуры народа прыносіць радасць не толькі дзецям, але і дарослым.
Для наведвальнікаў ад 7 гадоў.

Сакрэты ткацкага рамяства
“Ух, зусім распаясаўся…” – спадзяемся вам ніколі не даводзілася чуць такія словы ў свой адрас. Адкуль пайшло такое выказванне, чаму поясу нашыя продкі надавалі такое значэнне, надзялялі абярэгавай сілай, выкарыстоўвалі ў абрадах. Пра гэты такі звыклы і ў той жа час цікавы элемент адзення юныя наведвальнікі могуць даведацца, прыйшоўшы на занятак “Сакрэты ткацкага рамяства”. Акрамя таго, на ўласным вопыце дзеці пазнаёмяцца са старажытнай тэхнікай ткацтва на бердзечку: выткуць паясок, які забяруць сабе на памяць.
Для вучняў 3–6 класаў.

Інтэрактыўная праграма “Гуканне вясны”
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашае самых дапытлівых і творчых наведвальнікаў на інтэрактыўную праграму “Гуканне вясны”, падчас якой кожны з іх пазнаёміцца з гісторыяй старажытнага свята развітання з зімой і сустрэчай вясны і паўдзельнічае ў займальным майстар-класе.
Папярэдні запіс па тэлефоне: 8017 365 48 27
Для наведвальнікаў ад 7 гадоў.

Интэрактыўная праграма “Кірмаш цудаў”
Ці ведаеце вы, дзе нашыя прапрабабулі набывалі прадукты? А якія тавары лічыліся дзіўнымі? Як выглядзелі “гандлёвыя цэнтры” 150 гадоў таму? Што такое разынкі?
Пра ўсё гэта вы даведаецеся на інтэрактыўнай праграме ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь!
Папярэдні запіс па тэлефоне: 8017 365 48 27
Для наведвальнікаў ад 7 гадоў.

Интэрактыўная праграма “Вясновая палітра”
Падчас інтэрактыўнай праграмы Ў наведвальнікаў з’явіцца цудоўная магчымасць вырабіць аркуш паперы па старадаўняй тэхналогіі і аздобіць яго ў тэхніцы цяснення вясновымі кветкамі.
Папярэдні запіс па тэлефоне: 8017 365 48 27
Для наведвальнікаў ад 7 гадоў.

Друкарскі двор XVI ст
Наведвальніку прапануецца ўнікальная магчымасць вырабіць паперу па старажытнай тэхналогіі ручнога адліву (вычэрпвання) і ўласнаручна надрукаваць першую старонку Бібліі Францыска Скарыны на ўзноўленым друкарскім станку XVI стагоддзя.
Кошт майстар-класаў у рамках экспазіцыі:
Самастойны выраб паперы па старажытнай тэхналогіі * . . . . . . . . . 10 руб
Друк на «чэрпанай» паперы першай старонкі Бібліі Ф.Скарыны * . . . . 10 руб
Самастойны выраб «чэрпанай» паперы і друк першай старонкі Бібліі Ф.Скарыны * . 15 руб
Друк на звычайным аркушы паперы А4 першай старонкі Бібліі Ф.Скарыны . . . . . 5 руб
* па папярэднім запісе

Звяртаем увагу, што колькасць удзельнікаў аднаго занятку – не больш за 10 асоб.
Папярэдні запіс абавязковы.
Кошт удзелу ў занятку : 15 бел. руб. з кожнага ўдзельніка (для групы да 4 асоб),
10 бел. руб. з кожнага ўдзельніка (для групы ад 5 асоб).