Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Выстава да 105-годдзя са дня нараджэння Віктара Уладзіміравіча Роўды

10 лістапада пачне працу выстава, прысвечаная 105-годдзю са дня нараджэння народнага артыста БССР, дырыжора, педагога Віктара Уладзіміравіча Роўды.

Імя Віктара Уладзіміравіча Роўды – выдатнага дзеяча харавога мастацтва, прафесара Беларускай акадэміі музыкі – вядома кожнаму музыканту.

Нарадзіўся Віктар Уладзіміравіч 10 лістапада 1921 года  ў Смаргоні  ў сям’і праваслаўнага святара. З маленства захапіўся мілагучнымі беларускімі песнямі, што шанавалі, любілі і часта спявалі ў яго сям’і. З шасці гадоў пачаў вучыцца ігры на скрыпцы ў мясцовага музыканта, а праз некаторы час паступіў у Віленскую дзяржаўную духоўную семінарыю.

У 1946 г. В.У. Роўда стаў студэнтам дырыжорска-харавога і вакальнага аддзялення Літоўскай кансерваторыі, пасля заканчэння якой у 1951 г. паступіў у аспірантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. Далейшая работа ў якасці хормайстра Дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хору імя

А.В. Свешнікава, выкладчыка Маскоўскай кансерваторыі, паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі па праблемах выканання народнай песні ў акадэмічным хоры вылучылі Віктара Уладзіміравіча ў шэраг вядомых музыкантаў – інтэрпрэтатараў харавога спеву.

З 1956 г. В.У. Роўда – хормайстар і дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР, адначасова выкладчык у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З імем дырыжора звязаны творчыя дасягненні і міжнароднае прызнанне канцэртнага хору студэнтаў Акадэміі музыкі, правядзенне рэспубліканскіх свят, аглядаў дзіцячай і дарослай харавой самадзейнасці, непераўзыдзеная інтэрпрэтацыя літургічнай музыкі.

 Віктар Уладзіміравіч – аўтар харавых зборнікаў, хрэстаматыі па дырыжыраванню,  запісаў ў фонды радыё і тэлебачання Беларусі больш дзьвух тысяч твораў замежнай і рускай харавой класікі, народных песень, сачыненняў беларускіх кампазітараў.

За музычна-асветніцкую дзейнасць, самаадданую творчую працу В.У. Роўда атрымаў званні народнага артыста БССР (1978) і СССР (1990), ордэн Францыска Скарыны (2006). Віктар Уладзіміравіч Роўда – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990) і прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1997).

На часовай экспазіцыі, якая працягнецца з 10.11.2026 па 24.11.2026, прадстаўлены матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Уваход на выставу па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.

г. Мінск, зав. Музычны, 5

Без выхадных з 10:00 да 19:00

тэл. 326-26-67