Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя «Эстэтыка кадра: Яўгеній Ігнацьеў і яго свет», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака кіно

11 лістапада 2026 года ў 16.00 у Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі «Эстэтыка кадра: Яўгеній Ігнацьеў і яго свет», прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака кіно.

Яўгеній Аляксеевіч Ігнацьеў (1936 – 2010) – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, выбітны беларускі мастак кіно, чыя праца пакінула глыбокі след у гісторыі айчыннага кінематографа. Ён нарадзіўся і вырас у в. Лісіна Уладзімірскай вобласці. З юных гадоў выяўляў цікавасць да мастацтва і візуальнай творчасці. Пасля заканчэння Горкаўскага мастацкага вучылішча, а затым і мастацкага факультэта УДІКа (Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематографіі), Ігнацьеў пачаў сваю кар’еру на кінастудыі «Беларусьфільм», дзе хутка зарэкамендаваў сябе як таленавіты і арыгінальны мастак-пастаноўшчык.

Уклад Ігнацьева ў беларускі кінематограф складана пераацаніць. Ён працаваў над стварэннем візуальнага аблічча мноства фільмаў, якія сталі класікай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Уменне спалучаць традыцыйныя элементы беларускай культуры з мастацкімі прыёмамі зрабіла яго працы ўнікальнымі і запамінальнымі.

На выставе «Эстэтыка кадра: Яўгеній Ігнацьеў і яго свет» прадстаўлены дакументы, узнагароды, эскізы, сцэнарыі да фільмаў, прадметы музейнага значэння, якія дапамогуць наведвальнікам глыбей зразумець маштаб творчасці мастака і яго значны ўклад у развіццё кінамастацтва.

Мы запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу да 90-годдзя з дня нараджэння Яўгенія Ігнацьева, атрымаць асалоду ад атмасферы творчасці і мастацтва.

Выстава працуе па 20 снежня 2026 года.