Выстава «Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко».
З 6 кастрычніка 2026 года ў Нацыянальным гістарычным музее Рэспублікі Беларусь, у межах Тыдня бацькоўскай любові, пачынае работу выстава «Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко».
Фатограф Сава Уладзіміравіч Сіўко (1888-1978) нарадзіўся ў вёсцы Сянно каля гарадскога пасёлка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 год. Ён яскравы прадстаўнік так званай вясковай фатаграфіі, якая сёння па-ранейшаму з’яўляецца слабадаследаваным накірункам у гісторыі фатаграфічнай справы. Калі казаць аб жанравым складніку творчай работы фатографа, прасочваецца перавага партрэтнага жанра ва ўсёй яго разнастайнасці.
Фатаграфічная спадчына Савы Сіўко – гэта перш за ўсё збор важных і каштоўных візуальных дакументаў, якія праз адлюстраванне асноўных этапаў чалавечага жыцця, праз вобразы людзей, што жылі ў той час, даюць магчымасць прасачыць змену цэлых эпох.
На выставе прадстаўлены фатаграфіі самых характэрных момантаў штодзённага жыцця беларускага мястэчка, унікальнай і надзвычай цікавай з’явы нашай мінуўшчыны, якая арганічна спалучае ў сабе рысы вясковага і гарадскога жыцця. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць кранальныя сямейныя гісторыі: сямейныя партрэты, фотаздымкі вяселля, фатаграфіі немаўлят, выпускнікоў школ. Сава Сіўко, нягледзячы на ўсе жыццёвыя складанасці і выпрабаванні, бачыў прыгажосць і гармонію ў простых імгненнях штодзённага жыцця і сваім мастацкім рамяством рабіў яе больш прыўкраснай.
Гістарычныя эпохі змяняюць адна адну, але нязменна – бацькоўская любоў. Сям’я была і застаецца захавальніцай спрадвечных чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў.
Часовая экспазіцыя працуе па 9 лістапада 2026 года.
Уваход па білету на пастаянную экспазіцыю музея.
