Выставачны праект «Будзе хлеб – будзе і песня»
19 верасня 2026 года пачаў працу выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Будзе хлеб – будзе і песня» (да 30-годдзя святкавання «Дажынак» у Рэспубліцы Беларусь).
Жыццё і традыцыі беларускага народа цесна звязаны з сельскай гаспадаркай, працай на зямлі. Побыт і духоўны свет беларусаў стагоддзямі складваліся пад уплывам прыроды і цыклаў сельскагаспадарчых прац. Многія святы, звычаі бяруць свой пачатак з падзей земляробчага календара. Сёння, мабыць, самым вядомым з такіх свят, прысвечаных сабранаму ўраджаю, урадлівасці і сямейнаму дабрабыту, ушаноўванню працаўнікоў сяла з’яўляюцца Дажынкі.
Святкаванне дажынак ідзе з глыбіні народнай культуры і ўслаўляе чалавека-працаўніка, а ў сучасным фармаце праводзіцца з 1996 года, аб’ядноўваючы раёны, вобласці і ўсю рэспубліку. Фестываль-кірмаш «Дажынкі» сталі сапраўдным святам для работнікаў аграпрамысловага комплексу, вучоных, інжынераў, канструктараў новай тэхнікі і ўсіх, хто дапамагае сельскагаспадарчым прадпрыемствам дасягнуць высокіх паказчыкаў. Да 2014 года мерапрыемства праводзілася ў рэспубліканскім фармаце, зараз арганізуецца кожнай вобласцю самастойна ў адным з раённых цэнтраў Беларусі.
Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны выставачны праект, прымеркаваны да 30-годдзя святкавання «Дажынак» у сучаснай Беларусі. Экспазіцыя прадстаўлена інфармацыйна-графічнымі матэрыяламі. На 12 стэндах, якія сімвалізуюць каляндарныя месяцы, раскрываюцца тэмы святкавання «Дажынак» у Беларусі: сэнс і спецыфіка свята, гісторыя, традыцыі. Экспазіцыя паказвае сучасныя асаблівасці ўрачыстасці, яе напрамкі, дасягненні. Часовая экспазіцыя імкнецца дастойна адлюстраваць значнае мерапрыемства аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Рэалізацыя выставачнага праекта «Будзе хлеб – будзе і песня» стала магчымай дзякуючы ўдзелу Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага тэлеграфнага агенцтва, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Месца экспанавання:
Дзяржынскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей
г. Дзяржынск, вул. Ленінградская, 6-1
10:00 – 19:00 аўторак – нядзеля




