Выстава “Аптэкі і зёлкі: гісторыя і традыцыя”
19 верасня 2026 года ў Доме-музеі І з’езда РСДРП – філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – пачне работу выстава “Аптэкі і зёлкі: гісторыя і традыцыя”. У аснове выставачнага праекта – матэрыялы з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
У вітрынах прадстаўлены гербарыі лекавых раслін – як класічныя навуковыя ўзоры, так і гатовыя зборы, якія адлюстроўваюць багацце прыроднай аптэкі. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з раслінамі, якія прымяняліся ў народнай медыцыне і ўваходзяць у склад многіх лячэбных прэпаратаў: шыпшына, шалфей, мята перачная, тысячалістнік, календула, акацыя белая, абляпіха і іншыя.
Асобнай увагі заслугоўваюць прадметы аптэкарскага побыту – шалі канца XIX – пачатку XX стагоддзя, якія дазвалялі з дакладнасцю да міліграма вызначыць патрэбную колькасць прэпарата, а таксама шкляная тара для захоўвання і продажу лекаў. Завяршаюць экспазіцыю фатаграфіі навуковых лабараторый першай паловы XX стагоддзя і аптэк канца XIX – пачатку XX стагоддзя. На здымках можна разгледзець інтэр’еры аптэчнага прылаўка, вітрыны і прысценныя стэлажы, характэрныя для таго перыяду.
