Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя да 120-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Фёдаравіча Быліча

9 верасня ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу часовая экспазіцыя да 120-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Фёдаравіча Быліча.

Кастанцін Быліч – пэўна адна з найяскравых і значных постацей беларускага тэатральнага мастацтва першай паловы ХХ ст.,  Прысвяціўшы ўласнае жыццё сцэне, ён увасобіў дзясяткі глыбокіх і самабытных вобразаў на сцэнах беларускіх тэатраў.

Канстанцін Фёдаравіч Быліч нарадзіўся  20 кастрычніка 1906 года ў Іван-горадзе (сёння – Дэмблін, Люблінскае ваяводства, Польшча) ў сялянскай сям’і. У 1915 годзе, ратуючыся ад нямецкай акупацыі, ён разам з маці, братамі і сястрой пераехаў з Брэста ў Калугу, дзе пайшоў у школу. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча падчас канікул працаваў табельшчыкам на будоўлі, забеспячэнцам, канторшчыкам. У 1921 годзе, пасля вяртання з фронту бацькі, сям’я Былічаў пераяжджае ў Мінск, дзе ён уладкоўваецца вучнем садавода ў Лошыцу. Праз год ён паступае ў Мінскую школу 2-й ступені Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі, сумяшчаючы  вучобу з заняткамі ў драмгуртку пад кіраўніцтвам М. Кавязіна. Захапленне тэатрам прывяло яго ў трупу Ул. Галубка, дзе ён са сваім сябрам У. Дзядзюшкам спачатку ўдзельнічаў у масоўках і эпізадычных ролях, а з 1925 года быў залічаны ў склад БДТ-3. Прыгожы, высокі, пластычны, вельмі арганічны ў паводзінах, шчыры ў пачуццях, Быліч хутка стаў выконваць у тэатры галоўныя ролі, першай з якіх стала роля вольналюбівага плытагона Андрэя ў аднайменным спектаклі па п’есе Галубка. У 1937 г. БДТ-3 быў расфарміраваны, а Быліч і іншыя пераведзены ў БДТ-1. У пастаноўках тэатра акцёр яшчэ раз сцвердзіў сябе выдатным майстрам пераўвасаблення. Калі б не трагічны лёс, ён  меў бы ўсе магчымасці стаць адным з карыфеяў беларускай сцэны.

На выставе наведвальнік пабачыць арыгінальныя фотаздымкі з акцёрам, яго калегамі і сябрамі, афішы, эскізы і касцюмы да пастановак у якіх ён браў удзел, рэчы, якія яму належылі, а таксама адкрыць яго асобу, як таленавітага мастака, бо на выставе будуць прадстаўлены яго арыгінальныя малюнкі створаныя ім у розныя гады.