Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя “Фарфор і кветкі”

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня і ў межах Года беларускай жанчыны Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь 6 сакавіка 2026 года прэзентуе выставачны праект “Фарфор і кветкі”.

Выстава “Фарфор і кветкі” прадставіць вырабы Мінскага фарфоравага завода (1951 – 2009), большасць з якіх – гэта ўзоры-эталоны, якія былі зацверджаны мастацкім саветам прадпрыемства. Назва праекта невыпадковая, бо ў экспазіцыю ўвайшлі фарфоравыя прадметы з фларыстычнымі выявамі.

Кветкавы роспіс з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і традыцыйных матываў для фарфоравага мастацтва ўсяго свету. Не выключэннем сталі і вырабы мастакоў Мінскага фарфоравага завода. Аўтары знаходзілі натхненне як у мясцовай флоры, так і звярталіся да экзатычных раслін. Вырабы ўпрыгожваліся стылізаванымі і рэалістычнымі выявамі кветкавага сусвету.

Сярод экспанатаў можна ўбачыць кафейныя і чайныя сервізы, дэкаратыўныя вазы і талеркі, аўтарамі якіх з’яўляюцца: Багданаў Леанід Якаўлевіч, Кірыленка Валянцін Антонавіч, Леантовіч Валерый Аляксеевіч, Літвіненка Ганна Васільеўна, Малышаў Леанід Рыгоравіч і іншыя.

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя вырабы, у той час Мінскага кафельнага завода, абмяжоўваліся кафляй, бытавой керамікай і ўпрыгожаннямі для фасадаў дамоў. 15 сакавіка 1951 года прадпрыемства атрымала назву Мінскі фарфора-фаянсавы завод. Менавіта гэта дата і стала пачаткам гісторыі беларускага фарфору.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашае атрымаць натхненне і адчуць вясновы настрой па адрасе К. Маркса, 12.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
г. Мінск, вул. К. Маркса, 12