Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя “Родам з Мінска”

17 снежня 2025 года ў 17.00 у Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адбудзецца адкрыццё выставы «Родам з Мінска» з фондаў Маскоўскага музея анімацыі, прысвечанай 105-годдзю з дня нараджэння Леаніда Аронавіча Шварцмана.

Леанід Аронавіч Шварцман – выбітны савецкі і расійскі мультыплікатар, класік анімацыйнага кіно, стваральнік сусветна вядомых персанажаў да анімацыйных фільмаў «Пунсовая кветачка», «Залатая Антылопа», «Снежная каралева», «Дзядзька Сцёпа – міліцыянер», «Чабурашка і Кракадзіл Гена», «Рукавіца», «38 папугаяў», «Малпачкі». Леанід Шварцман – заслужаны мастак РСФСР (1981), народны мастак Расійскай Федэрацыі (2002), адзіны ў свеце ўладальнік узнагароды «Галівуд – дзецям».

Леанід Аронавіч нарадзіўся ў Мінску. З ранніх гадоў праяўляў зацікаўленасць да малявання. З гадамі талент толькі ўмацоўваўся і развіваўся. Вуліцы старога Мінска, прасякнутыя духам гісторыі і чараўніцтва, нібы ажылі ў творчасці выбітнага мультыплікатара Леаніда Аронавіча Шварцмана.

На выставе «Родам з Мінска» будуць прадстаўлены арыгінальныя эскізы, накіды і малюнкі Леаніда Аронавіча Шварцмана, зробленыя ў розныя гады яго творчай дзейнасці. Наведвальнікі змогуць убачыць асабістыя рэчы мастака, арыгінальныя дакументы, узнагароды і фатаграфіі з сямейнага архіва Леаніда Шварцмана, а таксама збор віншавальных паштовак, якія ён маляваў для блізкіх сяброў. Гэтыя матэрыялы раскажуць пра жыццё і творчы шлях Шварцмана.

У рамках выставы запланаваны прэм’ерны паказ дакументальнага фільма пра Леаніда Шварцмана – «Родам з Мінска». Для самых маленькіх наведвальнікаў арганізатары падрыхтавалі вялікі сюрпрыз – спецыяльны кінапаказ мультфільмаў, якія гледачы ўбачаць упершыню.

Знамянальна, што менавіта 17 снежня адзначаецца Дзень беларускага кіно, што надае асаблівую значнасць гэтай падзеі.

Выстава працуе па 31 студзеня 2026 года.

Музей гісторыі беларускага кіно
г. Мінск, вул. Свярдлова, 4
штодзень з 10.00 да 18.30
+375 17 397 86 75