Выстаўка жывапісных і графічных работ “Колеры і прасторы роднай зямлі”
12 верасня 2025 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстаўка жывапісных і графічных работ Аляксандра Лакоткі “Колеры і прасторы роднай зямлі”, прымеркаваная да святкавання Дня горада Мінска.
На працягу многіх гадоў Аляксандр Лакотка падарожнічаў па Беларусі ў складзе навукова-даследчых экспедыцый і выканаў не адну серыю замалёвак і графічных работ пейзажаў розных рэгіёнаў, запаведных куткоў нашай краіны.
На выставе прадстаўлена больш за 50 работ мастака. Тут і беларуская вёска Зарэчча, і царкоўны дабравест над сёламі і нівамі, дзедаўскія сцежкі сярод лясоў і лугоў, бліскучыя стужкі рэк, блакітныя вочы азёр. Маляўнічыя і графічныя палотны раскрываюць колеры і фарбы родных абшараў, іх паэтычнасць, каларыт, эмацыйнасць, якія здольныя ўзнавіць выявы малой радзімы.
