Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Часовая экспазіцыя “Мастакі-сцэнографы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы (1950 – 1970-ыя гг.): І.М. Ушакоў, П.В. Масленікаў, А.Б. Грыгар’янц”

15 верасня ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу часовая экспазіцыя “Мастакі-сцэнографы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы (1950 – 1970-ыя гг.): І.М. Ушакоў, П.В. Масленікаў, А.Б. Грыгар’янц”, прысвечаная 105-годдзю з дня адкрыцця ў Мінску Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.

Сцэнаграфія тэатра імя Я. Купалы пасля вайны праходзіла этап аднаўлення і мадэрнізацыі. У гэты перыяд беларускі тэатр быў поўны сапраўднага патрыятызму, на яго сцэне ішлі п’есы аб узнаўленні ўсіх сфер нашай краіны. Асноўнай тэндэнцыяй сцэнаграфіі гэтага часу з’яўлялася падкрэслена рэалістычны напрамак, дакладна-бытавое ўвасабленне на сцэне таго ці іншага твора.

Сваім уласным бачаннем прасторы спектакля вызначаюцца работы тэатральнага мастака І.М. Ушакова. У пабудове сцэнічнай прасторы І.М. Ушакоў выкарыстоўваў пейзажныя жывапісныя фоны, скурпулёзна распрацоўваў інтэр’ер эпохі, надаючы пастаноўкам гістарычную дакладнасць. У мастацкім афармленні І.М. Ушакова на сцэне тэатра ішлі спектаклі: “Пяюць жаваранкі” К. Крапівы (1950), “Вішнёвы сад” А. Чэхава (1951),“Выбачайце, калі ласка!” А. Макаёнка (1954) і інш.

Непаўторная пабудова прасторы спектакля характэрна і для творчасці аднаго з буйных мастакоў беларускага тэатра – П.В. Масленікава. Творчасць гэтага яркага сцэнографа вылучаецца маляўнічасцю, выразнасцю пастановачнай формы, якая ўдала зліваецца з музычным вобразам, відовішчнасцю і ўзнёсласцю. У тэатры Я.Купалы аформіў спектаклі: “Цудоўны скарб” П. Малярэўскага (1949), “Шчасце паэта” В. Віткі (1952), “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча (1954).

Індывідуальным бачаннем пабудовы сцэнічнай прасторы вызначаюцца і сцэнічныя творы А.Б. Грыгар’янца. Творчасці мастака ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць і праўдзівасць створаных вобразаў. Дэкарацыі адметныя каларыстычнай насычанасцю. Сярод лепшых работ майстра у тэатры вылучаюцца спектаклі: “Салавей” З. Бядулі (1956), “Забыты ўсімі” Н. Хікмета (1958), “Чацвёрты” К. Сіманава (1962), “У мяцеліцу” Л. Лявонава (1965), “Людзі на балоце” І. Мележа (1966), “Трыбунал” А. Макаёнка (1971) і іншыя.

На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены асабістыя рэчы І.М. Ушакова, фотаздымкі П.В. Масленікава, дакументы А.Б. Грыгар’янца, эскізы тэатральных пастаноў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.