Национальный исторический музей Республики Беларусь

Для людзей са слабым зрокам
Запіс па тэлефоне

Ратавальнікі нагадваюць, як зберагчы дзіця ад падзення з акна

Штогод у летні перыяд адзначаецца рост няшчасных выпадкаў з дзецьмі па прычыне выпадзення з вокнаў. Часцей за ўсё трагедыі адбываюцца з-за няўважлівасці дарослых:
16 чэрвеня ўвечары ў Віцебску мінак выявіў на зямлі дзіця з цяжкімі траўмамі. Мужчына неадкладна выклікаў экстранныя службы. Двухгадовы хлопчык выпаў з акна кватэры, размешчанай на 9-м паверсе. Медыкі, якія прыбылі на месца, спрабавалі выратаваць дзіця, аднак ад атрыманых траўмаў яно памерла. Як высветлілі следчыя, сям’я прыехала ў Беларусь з іншай краіны і часова гасцявала ў сваякоў. На момант трагедыі бацькі знаходзіліся на кухні, а трое малалетніх дзяцей гулялі ў суседніх пакоях.
Днём 1 ліпеня ў Оршы васьмігадовы хлопчык выпаў з акна, размешчанага на балконе 7-га паверха. За трыма дзецьмі прыглядала іх бабуля. Няшчасце здарылася ў той момант, калі жанчына на некалькі хвілін выйшла ў суседні пакой, пакінуўшы ўнука аднаго. Пачуўшы гук падзення, бабуля выбегла на вуліцу і ўбачыла, што яе ўнук ляжыць на зямли. Яна неадкладна выклікала хуткую дапамогу, аднак выратаваць дзіця не ўдалося – хлопчык памёр у бальніцы ад атрыманых траўмаў.
27 ліпеня ў Баранавічах 6-гадовы хлопчык выпаў з акна 5-га паверха. Пакуль бацькі знаходзіліся ў суседнім пакоі, дзіця залезла на падваконне і абапёрлася на маскітную сетку. У выніку хлопчык выпаў з акна з вышыні пятага паверха. Дзіця выжыла, але атрымала цяжкія траўмы.

Парады для прадухілення бяды:

  • самы важны і заўсёды актуальны савет – не пакідайце маленькіх дзяцей без нагляду, нават на кароткі час!
  • памятайце, што маскітныя сеткі не могуць утрымаць вагу дзіцяці! Дзіця ўспрымае іх як перашкоду і абапіраецца;
  • не пакідайце прадметы мэблі каля вокнаў, каб маленькія дзеці не змаглі на іх забрацца і дацягнуцца да падваконніка;
  • стварыце бяспечную прастору для гульні ў далечыні ад вокнаў;
  • тлумачце дзецям, што вокны могуць быць небяспечнымі і гульні паблізу іх недапушчальныя, не дазваляйце дзецям гуляць на падваконніках;
  • усталюйце блакатары адчынення вокнаў альбо спецыяльныя фіксатары, якія не дазволяць дзіцяці адкрыць акно больш чым на некалькі сантыметраў;
  • выкарыстоўвайце абмежавальнікі адчынення вокнаў са сталёвым тросам, якія дазволяць адкрыць акно толькі на даўжыню троса;
  • абсталёўвайце вокны адмысловымі накладнымі ручкамі на замку і з камплектам ключоў;

Вядома, цалкам выключыць дзіцячы траўматызм немагчыма – ад няшчаснага выпадку, на жаль, не застрахаваны ніхто. Але задача бацькоў – максімальна засцерагчы сваё дзіця. Бо большасць траўмаў адбываецца па віне бацькоў – недагледзелі, не патлумачылі. Вельмі важна для дарослых самім дэманстраваць дзецям бяспечны лад жыцця. Не забывайце, што паводзіны дарослага – прыклад для пераймання для дзіцяці.