Часовая экспазіцыя “Народныя артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы (1950 – 1970-ыя гг.)”
18 ліпеня ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачынае працу часовая экспазіцыя “Народныя артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы (1950 – 1970-ыя гг.)”, прысвечаная 105-годдзю з дня адкрыцця ў Мінску Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.
З заканчэннем вайны пачынаецца новы перыяд у жыцці краіны – перыяд мірнага будаўніцтва. Тэатр імя Янкі Купалы ў першыя пасляваенныя гады ўнёс важкі ўклад у нацыянальнае сцэнічнае мастацтва, адыграў значную ролю ў выхаванні савецкіх людзей, якія накіроўвалі свае намаганні на аднаўленне эканомікі і культуры, на далейшае развіццё савецкага грамадства.
Тэатр у пасляваенны перыяд паказаў высокі сцэнічны ўзровень і атрымаў Дзяржаўныя прэміі СССР. Спектакль “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона (1948) быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР. Узнагароды атрымалі К. Саннікаў, Б. Платонаў, Г. Глебаў, І. Ждановіч. За высокія ідэйна-мастацкія вартасці спектакль “Пяюць жаваранкі” К. Крапівы (1950) быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Прэміі атрымалі К. Крапіва, К. Саннікаў, У. Дзядзюшка, В. Пола, Л. Ржэцкая і інш.
У 1955 г. у Маскве адбылася Другая дэкада беларускага мастацтва і літаратуры. Беларускі дзяржаўны тэатр імя Я. Купалы таксама прадстаўляў тэатральнае мастацтва рэспублікі. Творчасць беларускага калектыва ацэньвалася высока. Улічваючы вялікія заслугі перад народам, у сакавіку 1955 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР надаў Беларускаму дзяржаўнаму тэатру імя Я. Купалы званне акадэмічнага.
У 1950 – 1970-ыя гг. за асаблівыя поспехі ў галіне тэатральнага мастацтва высокага звання – народны артыст БССР – удастоены артысты В. Пола (1952), І. Шаціла (1953), С. Бірыла (1955), С. Станюта (1957), Р. Кашэльнікава (1957), З. Стома (1961), З. Браварская (1967), Г. Макарава (1967), Г. Аўсяннікаў (1974) і інш.
Высокае ганаровае званне – народны артыст СССР – нададзена за гэты перыяд акцёрам Л. Ржэцкай (1955), У. Уладамірскаму (1955), Л. Рахленку (1966), З. Стому (1968), У. Дзядзюшку (1971) і інш.
Знакамітая “Адліга” 1960-х г., якая адгукнулася ўздымам у грамадстве і культуры, прыўнесла новы подых і ў Купалаўскі тэатр. Пастаноўкі Б. Эрына, а таксама маладых рэжысёраў новай хвалі, Б. Луцэнкі і В. Раеўскага, аб’ядналі лепшыя традыцыі тэатра і наватарства.
На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены фотаздымкі і асабістыя рэчы народных артыстаў, эскізы тэатральных пастаноў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
