Часовая экспазіцыя да 120-годдзя С.М.Станюты

Імя народнай артысткі БССР і СССР Стэфаніі Міхайлаўны Станюты з цягам часу набыло шмат ганаровых эпітэтаў: “жывая гісторыя тэатра”, “чалавек-легенда”, “талісман купалаўцаў”. Усе яны праўдзівыя. Але і гэтых высокіх вызначэнняў не хапае, каб дакладна перадаць і сонечны чалавечы вобраз, і дзівосны акцёрскі дар, і ўнікальны чалавечы лёс актрысы.
Стэфанія Міхайлаўна Станюта нарадзілася 13 мая 1905 г. у г. Мінску. Сцэнічную дзейнасць пачала ў складзе “Першага беларускага таварыства драмы і камедыі” Фларыяна Ждановіча. Пасля заканчэння Беларускай драматычнай студыі ў Маскве працавала ў БДТ-2 , з 1931 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы, дзе ва ўсю моц і глыбіню раскрыўся яе шматгранны артыстычны талент. Гэта была актрыса надзвычай шырокіх творчых магчымасцяў. Яна выдатна праявіла сябе як у класічным рэпертуары, так і ў творах сусветнай сучаснай драматургіі. Стваральніца шэрагу народных характараў, яна выявіла ў сваіх гераінях мудрасць, жыццядзейнасць, сувязь з роднай зямлёй, паказала вытокі душэўнай шчодрасці і чалавечнасці. Сярод лепшых роляў: Марыля і Паланея (“Раскіданае гняздо” і “Прымакі” Я.Купалы), Алена (“Салавей” З.Бядулі), Ганна Пятроўна (“Простая дзяўчына” К.Губарэвіча), Рыпіна (“Плач перапёлкі” І.Чыгрынава).
На творчым рахунку актрысы каля 60 роляў у кіно і на тэлебачанні. Кінафільмы “Родная справа”, “Цешча”, Памяць зямлі”, “Белыя росы”, “Развітанне з Мацёрай”, “Трывожны месяц верасень”, “Слухаю, чую”, “Радуніца”, “Мама, я жывы”, “Чужая бацькаўшчына” набылі вялікую любоў сярод гледачоў, дзякуючы акцёрскаму таленту С.М. Станюты.
На выстаўцы будуць прадстаўлены экспанаты з новых паступленняў у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, перададзеныя роднымі С.М. Станюты.