Часовая экспазіцыя “Чараўнік тэатральнай сцэны”
Часовая экспазіцыя да 115–годдзя з дня нараджэння заслужана дзеяча мастацтваў Беларусі І.М.Ушакова, пачынае працу 22 студзеня.
Беларускі тэатральны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Іван Міхайлавіч Ушакоў нарадзіўся 19 студзеня 1910 г. у горадзе Барысаве.
Творчая спадчына мастака багатая і шматгранная. Ён і жывапісец, і графік, і тэатральны дэкаратар. Менавіта як сцэнограф ён пакінуў найбольш значны след у гісторыі нацыянальнай сцэны.
У Першы беларускі тэатр (зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы) ён прыйшоў пасля заканчэння Віцебскага мастацкага тэхнікума (1933). Усё сваё жыццё працаваў на знакамітай сцэне – спачатку дэкаратарам, а затым галоўным мастаком.
Сярод найбольш значных яго твораў дэкарацыі да спектакля “Кацярына Жарнасек” М.Клімковіча, “Пагібель воўка” Э.Самуйлёнка,”Фландрыя” В.Сарду, “Дурная для іншых, разумная для сябе” Лопэ дэ Вегі. Ваенная тэматыка адлюстравана ў наступных творах: “Фронт” А.Карнейчука, “Крылатае племя” А.Первенцава, “Петр Крымаў” К.Фіна, “Палешукі” і “Таварыш Андрэй” Я.Рамановіча, “Заложнікаў” А.Кучара, “Канстанціна Заслонава” А.Маўзона, “З народам” К.Крапівы.
За творчыя заслугі ў галіне дэкарацыйнага мастацтва Івану Міхайлавічу Ушакову было прысвоенна званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1944).
Асаблівае месца ў сцэнаграфічнай творчасці мастака займае афармленне спектакляў рускай і замежнай класікі: “Таленты і паклоннікі” А.Астроўскага, ”Вішнёвы сад” А.Чэхава, “Ганна Карэніна” Л.Талстога, “Гора ад розуму” А.Грыбаедава, “Глыбокія карані” Д.Гоў і А.Д’Юса, “Дзень цудоўных падманаў” Р.Шэрыдана. Тэма сучаснасці адлюстравана ў эскізах да пастановак “Пяюць жаваранкі” і “Зацікаўленая асоба” К.Крапівы, “Цытадэль славы” К.Губарэвіча.
Характэрнай асаблівасцю мастацкага покрысу І.М.Ушакова з’яўляецца жывапіснасць, шматколернасць, выкарыстанне пейзажнага фону. Мастак сістэматычна выязджаў на прыроду з эцюднікам, маляваў пейзажы, эскізы.
Творчасць І.М.Ушакова – яскравая старонка ў тэатральна – дэкарацыйным мастацтве Беларусі. Ён, сапраўдны чараўнік сцэны, аформіў звыш 40 спектакляў. Памёр 26.08.1966 года.
На выстаўцы будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: эскізы дэкарацый да спектакляў, фотаздымкі мастака сярод родных і сяброў, асабістыя рэчы І.М. Ушакова.
Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.