Запіс па тэлефоне +375 (17) 374-83-22

Часовая экспазіцыя, прымеркаваная да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Шэліхіна

21 студзеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачынае працу выстава, прымеркаваная да 95-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Аляксеевіча Шэліхіна. Чалавек з выдатнай музычнай адукацыяй, ён меў талент ва ўсім: спяваў рамансы, іграў на раялі, пісаў артыкулы і сцэнары перадач, валодаў акцёрскім майстэрствам, майстэрствам музычнага педагога, апавядальніка.

Маючы гучны і прыемны голас, У.А. Шэліхін працаваў дыктарам на гомельскім радыё, а пасля заканчэння кансерваторыі працаваў дыктарам радыё ў Мінску (1952). З 1956 г. пачынае працаваць на Беларускім тэлебачанні.

У 1970-я гг. стаў адным з асноўных дыктараў «Панарамы навін». У 1970-1990 гг. – вядучы канцэртаў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі правёў больш за 11 тысяч канцэртаў.

У 2000 г. выходзіць яго кніга «Сэрца памятае» пра выдатных дзеячаў культуры XX стагоддзя, якіх ён ведаў асабіста і падтрымліваў сяброўскія адносіны.

На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены асабістыя рэчы артыста, рукапіс кнігі «Сэрца памятае» з праўкамі аўтара, фатаграфіі з аўтографамі знакамітых дзеячаў мастацтва ХХ ст.