Часовая экспазіцыя “100 год. Бярэзінскі біясферны запаведнік”
13 студзеня 2025 года ў Музеі прыроды і экалогіі пачынае працу выстава “100 год. Бярэзінскі біясферны запаведнік”.
Бярэзінскі біясферны запаведнік – гэта адна з прыродных зон Беларусі, якая займаецца аховай, вывучэннем і маніторынгам беларускай флоры і фауны. Унікальная тэрыторыя ўключае ў сябе выключную разнастайнасць розных густых лясных масіваў, лугоў і балот, поймавы комплекс ракі Бярэзіна, мноства вялікіх і малых рэк, непаўторныя азёры.
У 2025 годзе Бярэзінскі біясферны запаведнік адзначае 100 год з моманту свайго заснавання. Запаведнік быў утвораны 30 студзеня 1925 года Пастановай Народных Камісараў БССР для аховы і ўзнаўлення амаль знішчанага на той час рачнога бабра і іншых паляўнічых відаў жывел.
На часовай экспазіцыі наведвальнікі змогуць азнаёміцца з разнастайнымі насельнікамі жывёльнага і расліннага свету тэрыторыі запаведніка, атрымаць асалоду ад прыгажосці і непаўторнай унікальнасці ландшафтаў, захаваных на фотаздымках у розныя поры года, а таксама даведацца аб прадстаўніках флоры і фауны, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.