Часовая экспазіцыя “Тэатральныя фарбы мастака”
(да 135 – годдзя з дня нараджэння тэатральнага мастака, народнага мастака Беларусі Нікалаева Сяргея Піліпавіча)
29.08.2024 – 20.09.2024
Нікалаеў Сяргей Піліпавіч нарадзіўся 13 ліпеня 1889 года ў Маскве ў сям’і музыканта. Вучыўся ў Імператарскім Строганаўскім Цэнтральным вучылішчы тэхнічнага малявання (1912), скончыў вучылішча, атрымаў званне мастака-дэкаратара 1-й ступені і пачаў працаваць у майстэрнях Вялікага тэатра Масквы. Першымі самастойнымі работамі сталі дэкарацыі да балета «Ёлка» У. Рэбікава і святочнае афармленне гастрольнага канцэрта «Усходнія танцы» (1916). Працаваў у тэатрах Масквы (1910 – 1917).
У 1938 г. Сяргей Пілапавіч Нікалаеў быў прызначаны галоўным мастаком Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. У Мінску пачаўся самы плённы перыяд яго творчасці. Першым спектаклем, над афармленнем якога Сяргей Нікалаеў працаваў, стала опера «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава. У наступным годзе ён прыступіў да работы над дэкарацыямі да оперы «У пушчах Палесся» А. Багатырова.
Талент Сяргея Піліпавіча праявіўся і ў афармленні іншых нацыянальных спектакляў. Сярод іх – оперы «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я. Цікоцкага, «Надзея Дурава» А. Багатырова (1956); балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В. Залатарова. Маштабнасцю зрокавых вобразаў, рамантычнай узнёсласцю і лірызмам вызначаліся работы да балетаў «Лебядзінае возера» (1948) і «Спячая прыгажуня» (1954) П. Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні (1949). Значнае месца ў яго творчасці займала стварэнне дэкарацый да спектакляў па творах замежных аўтараў. Сярод іх – «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1943), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) і «Аіда» (1953, 1970) Дж. Вердзі, «Фаўст» Ш. Гуно (1950), «Эсмеральда» Ц. Пуні (1951).
З 1938 па 1959 г. на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР Сяргей Піліпавіч аформіў каля 30 спектакляў. У 1932 г. С. П. Нікалаеў атрымаў званне заслужанага артыста РСФСР, у 1949 г. стаў народным мастаком БССР, у 1950 г. лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі CССР.
На выстаўцы будуць прадстаўлены сцэнаграфічныя творы мастака, фотаздымкі, дакументы, афішы да спектакляў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.