Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выдавецкая дзейнасць

"Музейны веснік"

(укладальнікі: М. Казанцава, Н. Калымага, А. Ладзісаў, Л. Мертвішчава)

У 2003 г. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь заснаваў зборнік навуковых прац "Музейны веснік". У тым жа годзе пабачыў свет першы нумар зборніка (укладальнікі – М. Казанцава, Л. Мяртвішчава). У зборнік увайшлі матэрыялы Музейных чытанняў 2002 г., навуковыя канцэпцыі выстаў, музейна-педагагічныя праекты, хроніка падзей музейнага жыцця.

Выдадзена 5 нумароў зборніка. Артыкулы выдання згрупаваны па раздзелах: "З гісторыі музея", "Музейныя калекцыі", "Археалогія і нумізматыка", "Праекты. Планы. Разважанні", "Музей і наведвальнік", "З гісторыі музейнай справы Беларусі", "Музейны каталог", "Рэстаўрацыя", "Падрыхтоўка музейных кадраў", "Міжнародныя стасункі". З 2008 г. больш дасканалым і змястоўным стаў навукова-даведачны блок. Ён змяшчае раздзелы: "Імянны паказальнік", "Скарачэнні", "Summary", "Спіс каляровых ілюстрацый".

"Музейны веснік" друкуецца па рашэнні навукова-метадычнай рады музея, адбор матэрыялаў праводзіцца адмысловай рэдакцыйнай калегіяй, у склад якой уваходзяць найбольш вопытныя музейныя супрацоўнікі.

Яго аўтарамі выступаюць як супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, так і іншых музеяў краіны, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі ВНУ, супрацоўнікі архіваў, калекцыянеры, краязнаўцы.

"Брылёўскі скарб"

(аўтар - М. Плавінскі)

Каталог "Брылёўскі скарб" распачаў новую серыю выданняў пад агульнай назвай "Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь". Серыю мяркуецца прысвяціць знаёмству з найбольш каштоўнымі і цікавымі музейнымі прадметамі і калекцыямі, якія з’яўляюцца сапраўднымі здабыткамі айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.

Брылёўскі скарб, які паступіў у музейныя фонды ў 2003 годзе,– адзін з найбольш адметных нумізматычных комплексаў Ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца са срэбных арабскіх манет – дзірхемаў, фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча і набору гірак для ўзважвання срэбра. Прысутнасць у складзе скарбу арабскіх манет і франкскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя стасункі нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

Выданне каталога стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI у Рэспубліцы Беларусь.

"Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музей Рэспублікі Беларусь"

(укладальнікі і аўтары ўступнага артыкула – Н. Калымага, А. Ладзісаў)

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь захоўвае каштоўныя помнікі агульнанацыянальнага значэння, якія з’яўляюцца сведкамі значных падзей, з’яў, вызначальных этапаў працэсу фарміравання нацыі, пошуку шляхоў самаідэнтыфікацыі народа Беларусі. Альбом прэзентуе прадметы са збору музея, якія адносяцца да ліку рарытэтных, знаёміць з гісторыяй музея і шляхам фарміравання калекцыі.

У выданні прадстаўлены прадметы з разнастайных калекцый: археалогіі, каштоўных металаў, музычных інструментаў, беларускага народнага адзення, дакументаў, зброі, фарфора, выяўленчага мастацтва і інш. Шэраг адлюстраваных ў альбоме прадметаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Выданне альбома ажыццявілася дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI у Рэспубліцы Беларусь.

Альбом узнагароджаны дыпломам першай ступені ў намінацыі "Залатыя скрыжалі" на Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі-2012" і Дыпломам лаўрэата конкурса "Першага нацыянальнага форума "Музеі Беларусі" (2012 г.).

"Кнігі і кнігазборы куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў сярэдзіне XVII ст."

(аўтар – Ю. Лаўрык)

Манаграфія вядучага навуковага супрацоўніка аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Ю. Лаўрыка прысвечана выдавецкай і кнігазбіральніцкай дзейнасці браціі праваслаўнага Богаяўленскага манастыра ў Куцейне ў найбольш яскравы перыяд яго гісторыі – ў сярэдзіне XVII ст. Падрабязна разглядаюцца характэрныя асаблівасці куцеінскіх друкаў і манускрыптаў, а таксама ажыццяўляецца спроба акрэсліць склад кнігазбораў, што існавалі ў самім манастыры, або захоўваліся ў манастырскіх цэрквах.

Правядзенню даследніцкай работы ў дадзеным накірунку паспрыяла найбуйнейшая калекцыя старадрукаў і манускрыптаў з Богаяўленскага і Успенскага куцеінскіх манастыроў у зборы музея.

Выданне атрымала дыплом ІІ ступені Нацыянальнага конкурса "Мастацтва кнігі – 2013".

Выхад у свет выдання стаў магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI у Рэспубліцы Беларусь.