Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Уладзіслаў Галубок. Вяртанне"

  • 07.06.2017

7 чэрвеня 2017 года а 15 гадзіне ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Уладзіслаў Галубок. Вяртанне”, прысвечанай 135 – годдзю з дня нараджэння першага народнага артыста БССР Уладзіслава Іосіфавіча Галубка.

На выстаўцы прадстаўены дакументы і гістарычныя пасведчанні жыццёвай і творчай дзейнасці Ул.І.Галубка, матэрыялы фондавай калекцыі Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, рэчы і фотаздымкі з сямейнага архіва, жывапіс унучкі Ул. Галубка – Ізабелы Бабровай.

Галубок Уладзіслаў Іосіфавіч (15 траўня 1882 — 28 верасня 1937) — беларускі савецкі акцёр, рэжысёр, пісьменнік, мастак, дэкаратар, першы народны артыст Беларускай ССР (1928), адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага тэатра, мастацкі кіраўнік і дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра.

Нарадзіўся на станцыі Лясная пад Баранавічамі ў сям'і чыгуначніка. З 13 гадоў працаваў прыганятым у краме, затым быў канторшчыкам на жалезнай дарозе.

Сваю творчую дзейнасць пачаў у 1906 годзе, займаўся літаратурнай дзейнасцю, супрацоўнічаў з беларускай газетай «Наша ніва» (г. Вільня). Стварыў чатыры дзясятка п'ес з жыцця беларускага народа, сярод якіх меладрамы, камедыі, фарсы, вадэвілі, карціны «На рацэ Бярозе», «Раніцай», «Туманы». Быў неабгрунтавана рэпрэсаваны (расстраляны) у 1937 годзе. У 1957 годзе пасмяротна рэабілітаваны.

Ізабела Леапольдаўна Баброва, дачка Леапольда Уладзіслававіча Галубка, унучка Уладзіслава Галубка, нарадзілась 12 снежня 1938 года ў Мінску. На думку прафесійных мастакоў малюе ў тэхніцы галанскіх майстроў, не маючы пры гэтым мастацкай адукацыі.

На працягу ўсёй выставы Ізабэла Баброва з радасцю падзеліцца успамінамі аб сваёй знакамітай сям'і з кожным жадаючым.

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Час працы: з 9.00 да 17.30

Каса: з 9.00 да 16.30.

Без выхадных

Тэлефоны для даведак:

(017) 286 – 74 – 03;