Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Сімвалы Савецкай эпохі"

  • 09.06.2017

9 чэрвеня 2017 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава “Сімвалы Савецкай эпохі”, створаная пры падтрымцы Мемарыяльнага музея–майстэрні З.І.Азгура і ДУ "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь". Прымеркаваная да 100–годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, яна адрасавана самай шырокай аўдыторыі.

У цэнтры паказу – савецкая сімволіка як адзін з важнейшых кампанентаў культуры дадзенай эпохі. Савецкая сімволіка знайшла яскравае ўвасабленне як у творах мастацтва, так і прадметах побыту. Распрацаваныя, галоўным чынам, у рэвалюцыйныя часы і першыя гады ўсталявання Савецкай улады, гэтыя сімвалы прыйшлі на змену ранейшай дзяржаўнай і рэлігійнай сімволікі, напоўнілі сабою ўсе сферы жыцця грамадства. Выступаючы ў якасці мастацкіх маркераў эпохі, яны выклікалі візуальныя асацыяцыі прыналежнасці да пралетарскага тыпу культуры. Да такіх сімвалаў варта аднесці чырвоны колер, выявы зоркі, плуга, серпа, молата, якія сталі важнымі элементамі гістарычнай памяці для некалькіх пакаленняў.

Для стварэння выставы выкарыстаны прадметы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: дакументы, плакаты, творы дэкаратыўна–прыкладнога і выяўленчага мастацтва, метал, фарфор, баністыка і шэраг іншых. Мемарыяльны музей–майстэрня З.І.Азгура ўдзельнічае ў паказе скульптурнымі выявамі выбітных партыйных, ваенных і дзяржаўных дзеячаў – У.Леніна, М.Фрунзе, П.Машэрава і іншых. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадаставіў скульптуры У. Леніна, К. Маркса і В. Харужай.

Інсталяцыі, створаныя на падставе фондавых калекцый музея, распавядаюць пра піянерскае і партыйнае жыццё таго часу, працу жанчын, дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі. Наведвальнікам выставы будуць прапанаваны для прагляду фрагменты савецкіх кінафільмаў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Тэл. 327 43 22