Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Закрыццё выставачнага праекта “Гандаль Беларусі на шалях гісторыі”

  • 20.05.2017

20 мая 2017 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае закрыццё выставачнага праекта “Гандаль Беларусі на шалях гісторыі”.

Дадзены выставачны праект быў рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь і кампаніі JTI (Japan Tobacco International) і з’яўляецца сумеснай плённай працай Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаній “Менка”. У стварэнні выстаўкі прымалі ўдзел вядучыя музеі і архівы краіны, установы адукацыі, прыватныя калекцыянеры.

Экспазіцыя дэманструе асноўныя этапы развіцця гандлю, яго ролю ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці нашай краіны. Гэта вытокі гандлю на старабеларускіх землях, асаблівасці яго развіцця ў часы натуральнай гаспадаркі, у перыяд рынкавых капіталістычных адносін, сістэма гандлю ў савецкі час.

Кожны чалавек на працягу свайго жыцця шматкроць сустракаецца з гандлем, таму яго развіццё на выстаўцы паказваецца праз гандляроў і таксама праз пакупнікоў. Прэзентуюцца прадметы амаль з усіх калекцый музея, таму што практычна любая рэч магла ў розныя часы быць таварам.

У экспазіцыі магчыма ўбачыць шмат цікавых прадметаў: археалагічныя матэрыялы, скарбы зямлі беларускай 12 – 15 стагоддзяў, літоўскія і наўгародскія грыўны і іншыя ўнікальныя манеты. На выстаўцы прадстаўлены вагі, бязмены, касавыя апараты розных часоў, дзіцячыя цацкі, прадметы раскошы са срэбра, шкло, жаночыя капелюшы, абутак і іншыя прадметы, якія можна было набыць на кірмашах і ў крамах.

Прадметы кантрабанды пачатку 20 стагоддзя – соль і мыла – прадстаўлены ў чамаданах, у вітрынах – фотаапараты, гадзіннікі, футра…

Суправаджаюць паказ постаці вікінга, карчмара, рамесніка, купца, кантрабандыста, прадаўца, спекулянта.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

Штодня з 11.00 да 19.00

тэл. 327 43 22