Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Рабінская дынастыя Медалье"

  • 25.05.2017

25 мая 2017 года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе выставу «Рабінская дынастыя Медалье», прысвечаную гісторыі сям'і Шмерль–Лейба Медалье (1872 – 1938), духоўнага рабіна Віцебска, галоўнага рабіна Масквы і Савецкага Саюза.

Гісторыя рабінскай дынастыі Медалье не змяшчаецца ў рамках сямейнай сагі – у ёй адлюстраваны драматычны лёс пакалення расійскіх яўрэяў, якія пад пагрозай смерці засталіся вернымі яўрэйскай традыцыі, захаваўшы яе для будучых пакаленняў.

Гісторыя сям'і ілюструе лёс некалькіх пакаленняў артадаксальных яўрэяў, якія спрабавалі захаваць вернасць радавым традыцыям, яўрэйству і рэлігіі ў ХХ стагоддзі. Шмерль–Лейб Медалье безумоўна з'яўляецца адным з самых прыкметных яўрэйскіх рэлігійных дзеячаў Расіі першай трэці ХХ стагоддзя. Займаючы больш за дваццаць гадоў пост рабіна Віцебска, Шмерль–Лейб Медалье карыстаўся павагай у самых розных колах яўрэйскага свету.

У савецкі перыяд Медалье наканавана было стаць адным з лідэраў паўпадпольнага Савета рабінаў СССР, а затым і галоўным рабінам Масквы. Апошняя пасада дазволіла яму неафіцыйна лічыцца кіраўніком усяго рэлігійнага яўрэйства краіны, але яна ж стала для яго і фатальнай. У 1938 годзе Медалье быў арыштаваны і расстраляны.

Выстава «Рабінская дынастыя» паслужыць пачаткам працы па ўвекавечанні памяці ўсіх святароў, якія загінулі ў перыяд Вялікага тэрору.

На выставе будуць прадстаўлены мемарыяльныя рэчы і арыгінальныя фотадакументальныя матэрыялы з прыватных збораў сваякоў і патомкаў сям'і Медалье, архіўныя дакументы, прадметы рэлігійнага культу і побыту яўрэяў першай паловы ХХ стагоддзя.

Праект «Рабінская дынастыя» экспанаваўся ў Яўрэйскім музеі і цэнтры талерантнасці ў Маскве (2015), Музеі гісторыі рэлігіі ў Львове (2016), у Музеі гісторыі рэлігіі ў Санкт–Пецярбургу (2016).

Выстава з'яўляецца сумесным праектам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і мемарыяльнага праекта «Дынастыя Медалье», куратарам якога з'яўляецца Ілля Васільеў (Ізраіль). У выставе прынялі ўдзел Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі і Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Мінск, вул. К.Маркса, 12

Тэл .: 327–43–22