Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



"Ноч канспірацыі" ў Доме–музее I з'езда РСДРП

  • 19.05.2017

20 мая ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Дом–музей I з'езда РСДРП" у рамках Ночы музеяў пройдзе "Ноч канспірацыі".

Падзеі, якія прайшлі больш за стагоддзе таму ў доме на вуліцы Захар'еўскай, 133 (цяпер праспект Незалежнасці, 31а), мелі вялікае значэнне для грамадска–палітычнага жыцця ў Расійскай імперыі.

У пачатку сакавіка 1898 года, дзевяць дэлегатаў, якія сабраліся таемна ў гасцінай пакоі кватэры Пятра Румянцава, пасля некалькіх пасяджэнняў прынялі эпахальнае рашэнне – стварыць у Расіі першую адзіную сацыял–дэмакратычную партыю, якая з гэтага моманту стала называцца Расійскай сацыял–дэмакратычнай рабочай партыяй (РСДРП).

Дзякуючы выдатнай канспіратыўнай працы прадстаўнікоў шэрагу нелегальных арганізацый, у першую чаргу БУНДа (Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі), а таксама непасрэдна самога Пятра Румянцава, доўгі час супрацоўнікам палітычнага вышуку Расійскай імперыі нічога не было вядома пра падзеі з'езду.

Такім чынам, канспірацыя з'яўлялася першай неабходнасцю ў працы нелегальных гурткоў, аб'яднанняў і арганізацый. У рэвалюцыйным падполле вопыт выкарыстання шыфраў перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Ужо сябры арганізацыі «Народная воля» ўжывалі так званы «турэмны шыфр» – варыянт «шыфра Палібія». Шыфраванне тэкстаў з'яўлялася першачарговым для захавання таямніцы дзейнасці і перадачы сакрэтнай інфармацыі.

На экспазіцыі кожны зможа самастойна паспрабаваць зашыфраваць тэкст рознымі спосабамі, а таксама пазнаёміцца з прыкладамі шыфраў і зашыфраваных паведамленняў, а таксама з тэкстамі, якія да гэтага часу ніхто не змог разгадаць.

Ноч музеяў пачнецца а 14-й гадзіне з выступу удзельнікаў творчага танцавальнага калектыву ў дворыку музея (пры спрыяльных умовах надвор'я), прыняць удзел у вечарыне танцаў зможа кожны жадаючы.

Дом–музей I з'езда РСДРП

Адрас: г.Мінск, п–т Незалежнасці, 31а

Штодня з 11.00 да 19.00, без выхадных

Тэл. для даведак: 290–68–47

www.facebook.com/domusmuseum

www.vk.com/domusmuseum