Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Класіка нямога кіно: фільм "Палескія рабінзоны"

  • 23.04.2017

Музей гісторыі беларускага кіно працягвае паказы класікі нямога беларускага кінематографа. 28 красавіка гледачам будзе прапанаваны фільм «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. Л. Малчанаў).

Прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» карысталася папулярнасцю і ў 1930–я гады, калі толькі выйшла, і ў пасляваенныя часы. Яе чыталі і на хвалі беларускага адраджэння. І сённяшнія школьнікі ацэняць неўміручую аўтарскую прагу да вандровак і вынаходніцтваў. Таму не дзіўна, што аповесць неаднаразова экранізавалася, і ўпершыню – ўсяго толькі праз чатыры гады пасля выхаду кнігі.

Гурт «Фантастычныя Плыўцы» спецыялізуюцца на спантаннай імправізацыі і аператыўнай кампазіцыі з выкарыстаннем пераважна акустычных інструментаў (фартэпіяна, саксафон, кантрабас, перкусія). У складзе задзейнічаны вядомыя на альтэрнатыўнай сцэне музыкі – Эрык Арлоў–Шымкус, Фрыдрых Самотны, Дзяніс Кудраўцаў, Васіль Панкратаў ды інш.

Гурт існуе з 2005 г., запісаў каля дзесятка альбомаў (як студыйных, так і канцэртовых). У межах фестывалю «Кінемо» агучыў нямы фільм «Sur un Air de Charleston» (1927). На замову лэйблу Mahorka (Балгарыя) стварыў уласны трыб’ют Pink Floyd. Гукасэсія для скрайняга альбома «Concerto Grosso #7» адбылася акурат у галерэі Саюзу беларускіх дызайнераў з удзелам брытанскага саксафаніста Філа Пальмэра.

Для агучвання фільму «Палескія Рабінзоны» склад «Фантастычных Плыўцоў» будзе пашыраны капэлай «На Таку». Такім чынам, атанальныя пасажы й экспрэсіўная какафонія будуць перамяжацца з аўтэнтычнымі палескімі песнямі ды танцамі. Увогуле жывы саўндтрэк мусіць плаўна перацекчы ў агульную танцавальную імпрэзу.

Кошт квітка – 5 руб.

Даведкі па тэл. (017) 327–10–75, (029) 627–10–75