Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Дакументальная спадчына Беларусі XVI-XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра»

  • 30.03.2017

3 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка «Дакументальная спадчына Беларусі XVI–XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята–Троіцкага манастыра».

Слуцкі Свята–Троіцкі мужчынскі манастыр з'яўляўся надзвычай важным адміністрацыйным цэнтрам праваслаўнай царквы. Некаторы час ён выконваў функцыі рэзідэнцыі Слуцкіх архімандрытаў. У сувязі з гэтым пры манастыры меўся найбагацейшы архіў, першы акт якога датуецца 1517 годам. Тры стагоддзі беларускай гісторыі адлюстраваны ў тысячы дакументаў, якія ўсебакова асвятляюць палітычнае, духоўнае, культурнае жыццё беларускага грамадства. Гэты ўнікальны збор дакументаў захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь стала магчымым апрацаваць і аблічбаваць больш за тысячу рарытэтных дакументаў архіва. Асабліва каштоўныя акты будуць прадстаўлены на выставе разам са старадрукаванымі кнігамі, фотаматэрыяламі, абразамі і іншымі артэфактамі, якія тычацца гістарычных падзей рознага перыяду.

Невыпадкова прэзентацыя гэтага навукова–даследчага праекта пройдзе ў 2017 годзе, абвешчанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам Годам навукі. Пераняўшы эстафету Года культуры, у Год навукі прадастаўляецца магчымасць паказаць узаемадзеянне навуковых і культурных сіл краіны для вырашэння задач захавання гісторыка–культурнай спадчыны, што з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і перадумовай яе ўстойлівага развіцця.

У рамках адкрыцця выстаўкі пройдзе ўрачыстая перадача лічбавых копій, падрыхтаваных Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь.

Выстаўка працуе для наведвання з 30 сакавіка па 9 красавіка 2017.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 48 27, 327 43 22