Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



KINOPORT у лютым

  • 18.02.2017

У лютым праект KINOPORT пазнаёміць мінскіх гледачоў з унікальнымі матэрыяламі з Анталогіі літоўскага дакументальнага кіно. Праграма ўключае 4 кароткаметражныя карціны так званага «пераходнага перыяду» ў гісторыі Літвы, складанага і ў той жа час вельмі сімвалічнага, які адбіўся і на кінематографе – пераходу ад савецкага перыяду да незалежнасці.

Мінскі глядач зможа ўбачыць, у тым ліку, працу аднаго з самых таленавітых літоўскіх рэжысёраў Аўдруса Стоніса «Зямля сляпых». У 1992 годзе яна была адзначана прэміяй «Фелікс» як «Лепшы еўрапейскі дакументальны фільм». А стужка «Дзесяць хвілін да палёту Ікара» атрымлівала прызы на кінафестывалях у Оберхаўзене, Борнхальме, Пярну і была паказана ў Канах.

Фільмы былі аблічбаваныя і адноўлены з 35–міліметровых арыгінальных негатываў і гукавой дарожкі, запісанай на магнітную стужку і сталі даступныя шырокаму гледачу дзякуючы арганізацыі Meno Avilys (бел. «Вулей мастацтваў»).

Усе чатыры фільма аб'ядноўвае агульнае адчуванне: савецкае мінулае, якое хочацца забыць, але яно яшчэ занадта блізка, а культура Захаду яшчэ занадта далёкая. Але, нягледзячы на «жалезную заслону», як у фільмах савецкага перыяду, так і фільмах знятых крыху пазней, адчуваецца дух свабоды і пераменаў.

Для даведкі: KINOPORT – сумесны праект міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile і Музея гісторыі беларускага кіно. На працягу трох субот кожнага месяца менскія кінаманы і ўсе, хто цікавіцца культурай, змогуць апынуцца у іншай краіне і пазнаёміцца з кароткім метрам як самадастатковай формай кіно. Праграмы будуць спецыяльна складзеныя лакальнымі куратарамі і паказаны на мове арыгіналу з субтытрамі.

Квіткі можна набыць у касе музея, цана – 4 руб. Школьнікам, студэнтам, пенсіянерам, якія прыходзяць ўдваіх, скідка (2 квіткі за 4 рублі).

За актуальнай інфармацыяй аб паказах можна сачыць у сацыяльных сетках:

Fb / kinoportminsk

Vk / kinoportminsk

#kinoport

Кантакты для сувязі:

Па пытаннях праекта: Лера Грын, каардынатар праекта, lera9reen@gmail.com

Па пытаннях раскладу і квіткоў: Музей гісторыі беларускага кіно, +375 (17) 327 10 75

+375 (29) 627 10 75

Праграма паказаў KINOPORTa ў лютым:

11, 18 25 лютага (15.00 і 18.00)

1. У родным полі (Pabuvam savam lauki)

Рэж. Хенрыкас Шаблявичус, 20 мін, 1988

Вядомы літоўскі рэжысёр дакументальных фільмаў Хенрыкас Шаблявичус паглыбляецца ва ўспаміны пра страчаны час і забытыя месцы. У гэтым фільме ён паказвае, як людзі збіраюцца ў разбуранай вёсцы, дзе яны кожны год разам сустракаюць першы дзень ліпеня.

2. Сцяг з цэглы (Vėliava iš plytų)

Рэж. Саўлюс Бержинис, 30 мін, 1988

Дакументальны фільм–расследаванне Саўлюса Бержыніса распавядае гісторыю літоўскага салдата Савецкай арміі Артураса Сакалаўскаса, які быў прыніжаны і абражаны сваімі таварышамі і забіў за гэта ўсіх васьмярых. Рэжысёр Саўлюс Бержыніс узяў інтэрв'ю ў людзей, якіх закранула гэтая трагедыя. Асабістыя думкі аб тым, што здарылася, а таксама архіўныя кадры па справе А. Сакалаўскаса ў дакладнасці перадаюць атмасферу пераходнага перыяду гісторыі Літвы.

3. Зямля сляпых (Neregių žemė)

Рэж. Аўдрус Стонис, 25 мін, 1992

"Фільм з'явіўся на свет як спроба адказаць на пытанне: як можна захаваць на камеру нябачнае?" (Рэжысёр фільма Аўдрус Стоніс). У фільме па–майстэрску пераплецены моманты, якія адлюстроўваюць узаемадзеяння паміж людзьмі, жывёламі і ўсім, што іх атачае. Здымка далёкім планам, адсутнасць слоў і спалучэнне сузіральных кадраў з музыкай адкрываюць гледачу адчувальны і філасофскі свет за межамі бачнага.

У 1992 годзе фільм атрымаў прэмію «Фелікс» (прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі) як лепшы еўрапейскі дакументальны фільм.

4. Дзесяць хвілін да палёту Ікара (Dešimt minučių prieš Ikaro skrydį)

Рэж. Арунас Матэліс, 10 мін, 1990

Фільм лічыцца маніфестам постсавецкага пакалення літоўскіх рэжысёраў, якія адмовіліся ад прамога апавядання і пагрузіліся ў маўклівае назіранне за рэальнасцю. Рэжысёр фільма, Арунас Матэліс, ідзе па слядах першых ператварэнняў пасля распаду СССР: але замест таго, каб адправіцца на галоўныя плошчы Вільнюса, ён назірае за буднямі звычайных жыхароў Ужупіса – гістарычнага раёна ў старым горадзе. Фільм атрымаў узнагароды на кінафестывалях у Оберхаўзене, Борнхальме і Пярну, а таксама быў прадстаўлены на Канскім кінафестывалі.