Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава «Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра»

  • 23.02.2017

23 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра».

Гэта творчы праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея Уладзіміра Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» ажыццёўлены пры падтрымцы генеральнага партнёра музея – кампаніі Japan Tobacco International (JTI) у Рэспубліцы Беларусь.

Выстава дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Уладзіміра Мулявіна – выбітнага музыканта, кампазітара, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Экспазіцыя ўяўляе сабой своеасаблівую прэзентацыю працэсу працы над сцэнічнымі касцюмамі легендарнага ансамбля, дазваляючы прасачыць шлях ад ідэі да яе рэалізацыі. Пры гэтым стваральнікі касцюмаў ставілі перад сабой задачу аб'яднаць вобраз выканаўцы са зместам песні.

Дзякуючы падтрымцы кампаніі JTI фонды Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь папоўнілі 17 эскізаў касцюмаў для ансамбля «Песняры». Эскізы, створаныя членамі Беларускага саюза мастакоў Валянцінай Бартлавай і Галінай Крываблоцкай, стануць цэнтральнымі экспанатамі паказу. Дапоўняць экспазіцыю нотныя рукапісы, фатаграфіі, афішы канцэртаў, эскізы касцюмаў, распрацаваныя ў свой час мастакамі Юрыем Піскуном і Вольгай Дзёмкінай, а таксама арыгінальныя канцэртныя касцюмы ансамбля і непасрэдна самаго вялікага маэстра. Толькі на адкрыцці выставы можна будзе ўбачыць двухгрыфовую гітару Уладзіміра Мулявіна – любімы інструмент музыканта, якім ён валодаў віртуозна.

«Захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай кампаніі ў сацыяльнай сферы, – падкрэсліў Генадзь Бруснікаў, намеснік дырэктара JTI у Беларусі. – Ансамбль «Песняры» мае вялікае значэнне для беларускай культуры і з'яўляецца яе неад'емнай часткай. Мы ўпэўненыя, што гэты праект дапаможа публіцы адкрыць яшчэ адну старонку жыцця легендарнага калектыву».

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

тэл. (017) 327 43 22, 327 48 27