Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Прадаўжэнне выстава "Гандаль Беларусі на шалях гісторыі"

  • 25.01.2017

Выставачны праект “Гандаль Беларусі на шалях гісторыі” у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе да 1 мая 2017 года ўключна.

Дадзены выставачны праект рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь і кампаніі JTI (Japan Tobacco International) і з’яўляецца сумеснай плённай працай Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаній “Менка”. У стварэнні выстаўкі прымалі ўдзел вядучыя музеі і архівы краіны, установы адукацыі, прыватныя калекцыянеры.

Экспазіцыя дэманструе асноўныя этапы развіцця гандлю, яго ролю ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці нашай краіны. Гэта вытокі гандлю на старабеларускіх землях, асаблівасці яго развіцця ў часы натуральнай гаспадаркі, у перыяд рынкавых капіталістычных адносін, сістэма гандлю ў савецкі час.

Кожны чалавек на працягу свайго жыцця шматкроць сустракаецца з гандлем, таму яго развіццё на выстаўцы паказваецца праз гандляроў і таксама праз пакупнікоў. Прэзентуюцца прадметы амаль з усіх калекцый музея, таму што практычна любая рэч магла ў розныя часы быць таварам.

У экспазіцыі наведвальнікі ўбачаць шмат цікавых прадметаў: археалагічныя матэрыялы, скарбы зямлі беларускай 12 – 15 стагоддзяў, літоўскія і наўгародскія грыўны і іншыя ўнікальныя манеты. На выстаўцы будуць прадстаўлены вагі, бязмены, касавыя апараты розных часоў, дзіцячыя цацкі, прадметы раскошы са срэбра, шкло, жаночыя капелюшы, абутак і іншыя прадметы, якія можна было набыць на кірмашах і ў крамах.

Прадметы кантрабанды пачатку 20 стагоддзя – соль і мыла – прадстаўлены ў чамаданах, у вітрынах – фотаапараты, гадзіннікі, футра…

Суправаджаюць паказ постаці вікінга, карчмара, рамесніка, купца, кантрабандыста, прадаўца, спекулянта.

Падчас працы выстаўкі запланаваны шэраг імпрэз – навуковых, адукацыйных, забаўляльных.

«Падтрымка гэтай выставы мае для нас асаблівае значэнне, – падкрэсліў Генадзь Бруснікаў, намеснік генеральнага мэнэджара JTI. – Гэта яшчэ адзін сумесны крок Нацыянальнага гістарычнага музея і JTI па захаванню і папулярызацыі гісторыка–культурнай спадчыны нашай краіны. Акрамя таго, як міжнародная кампанія, якая працуе ў Беларусі з 1998 года, мы таксама ў пэўнай ступені маем дачыненне да гісторыі гандлю ў яе найноўшай частцы. Упэўнены, што прадстаўленая экспазіцыя будзе цікавая самай шырокай публіцы».

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 48 27, 327 43 22