Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Гадзіннік сонечны. 1779.

  • 07.12.2016

Калекцыя гадзіннікаў – адна з цікавейшых у музейным зборы. Яна захоўвае каля 700 прадметаў, галоўным чынам, гэта гадзіннікі канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя – перыяду эксперыментавання па змяненні сістэмы механізму і самой формы гадзіннікаў, а таксама час падвышанага попыту на іх. Такім чынам, дошка сонечнага гадзінніка, вырабленага ў 1779 годзе, – своеасаблівае выключэнне з агульнай карціны калекцыі.

Пра самыя простыя сонечныя гадзіннікі ўзгадваецца ў Бібліі (4 Царстваў, 20:10, Ісайя, 38:8), тады як іх першыя апісанні былі знойдзены ў Егіпце ў надпісах на сценах грабніцы Сеці І (1306–1290 гады да н.э.). Сонечныя гадзіннікі былі распаўсюджаны ў Кітаі, Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме. У Дзяржаўным Эрмітажы захоўваецца адзін з самых ранніх сонечных гадзіннікаў 1556 года, якім карысталіся на тэрыторыі Расіі. Цікава тое, што ён быў партатыўны, і насілі яго на шыі.

Алавяная дошка сонечнага гадзінніка, якая захоўваецца ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, выраблена ў Польшчы. Яна мае тры гноманы, цені ад якіх пры сонечным надвор’і дазваляюць вызначыць мясцовы час. Гэты тып гадзінніка ўяўляе сабой не толькі цікавы астранамічны даведнік, але і сапраўдны твор мастацтва гравіроўкі.