Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Колавая ліра са збору Беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча

  • 29.11.2016

Калекцыя музычных інструментаў сёння налічвае каля 300 адзінак музейных прадметаў. У 1959 годзе ў фонды музея паступілі інструменты са збору Беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Сярод іх – колавыя ліры.

Ліра колавая канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, зробленая невядомым майстрам Віленшчыны, можа шмат распавесці пра гісторыю гэтага інструмента.

Упершыню колавая ліра ўзгадваецца ў ХІІ стагоддзі: цяжкі інструмент абслугоўвалі два чалавекі – сам музыкант і яго памочнік, які круціў ручку. У наступным стагоддзі ліра стала значна лягчэй, што паспрыяла яе хуткаму распаўсюджанню ў Еўропе, пры гэтым інструмент стаў часткаю сярэдневечнай культуры менестрэляў. Наступны этап у гісторыі ліры – XV стагоддзе, калі яна становіцца інструментам бадзяг, сляпых музыкаў, якія выконвалі песні, пад акампанемент ліры чыталі вершы, казкі. Захапленне еўрапейскай арыстакратыяй вясковым побытам у XVIII стагоддзі вярнула ліры былую папулярнасць.

На вуліцах Мінска апошняга лірніка можна было пабачыць напрыканцы 1940–х гадоў. Разам з тым, жыццё ліры на гэтым не скончылася. Гэты інструмент працягвае гучаць у кампазіцыях музыкантаў розных плыняў – Роберта Планта, Эні Ленакс, групы “Metallica”, беларускага ВІА “Песняры”, сучасных фальклорных калектываў “Крупіцкія музыкі”, “Стары Ольса” і іншых.