Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Каханне – гэта палёт"

  • 17.11.2016

З 17 лістапада бягучага года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь праводзіць выставу карцін са шкла «Каханне – гэта палёт». Выстава студыі вырабаў са шкла «Аліса ў Залюстаркоўі» прысвечана творчасці Марка Захаравіча Шагала. Галоўная задача выставы – даць дзецям з парушэннем зроку пазнаёміцца з мастацтвам сусветна вядомага мастака пры дапамозе тактыльных адчуванняў.

Паказ будзе праходзіць пры інфармацыйнай падтрымцы Міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Расія сёння». Напярэдадні адкрыцця выставы, 15 лістапада пройдзе прэс–канферэнцыя ў мультымедыйным прэс–цэнтры «Sputnik Беларусь» на тэму: "Ф'юзінг – тэхніка, якая адкрывае новыя магчымасці людзям са слабым зрокам у спасціжэнні і ўспрыманні свету мастацтва пры дапамозе тактыльных адчуванняў". Да ўдзелу ў ёй запрошаныя дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Гар'евіч Рыжкоў, кіраўнік студыі вырабаў са шкла «Аліса ў Залюстаркоўі» Дыяна Шварахаўна Скачко, дырэктар спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 г. Мінска для дзяцей з парушэннем зроку Аляксей Мікалаевіч Пятніца.

У рамках адкрыцця выставы, якое адбудзецца 17 лістапада бягучага года а 15-й гадзіне па адрасе: г.Мінск, вул. К.Маркса 12 запланаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку: прэзентацыя карцін са шкла ў тэхніцы ф'юзінг, расказ пра жыццё і творчасць Марка Шагала, выступленне ансамбля скрыпачоў гімназіі–каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, выступ клоўна Гаўрыка з дрэсіраванымі сабачкамі з Гомельскага дзяржаўнага цырка, калектыўная праца з дзецьмі над стварэннем карціны са шкла «Над горадам» і яе наступная перадача школе №188, сувеніры ў выглядзе шарыкаў у падарунак усім удзельнікам прэзентацыі ад кампаніі: ТАА «Дом цудаў», салодкі стол і іншае.

Шэраг устаноў выказалі гатоўнасць выступіць у дадзеным праекце ў якасці спонсара, набыць карціны са шкла з выставы «Каханне – гэта палёт» і перадаць іх спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе №188 для дзяцей з парушэннем зроку пасля завяршэння выставы.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,

тэл. 327 43 22