Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: гісторыя і сучаснасць"

  • 25.10.2016

25 кастрычніка ў 12.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 95–годдзю БДУ, – "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: гісторыя і сучаснасць".

Правядзенне выставы абумоўлена выключнай роляй БДУ ў фарміраванні і развіцці айчыннай вышэйшай адукацыі. Універсітэт вызначаў асноўныя кірункі руху многіх нацыянальных ВНУ, якія выйшлі ў 20–30–я гг. ХХ ст. са складу БДУ. Сёння ўніверсітэт з’яўляецца магутным навукова–адукацыйным цэнтрам у Беларусі, робіць неацэнны ўнёсак у яе перспектыўнае і інавацыйнае развіццё.

На выставе будзе прадстаўлена каля 300 экспанатаў, якія ўзнаўляюць летапісныя старонкі гісторыі БДУ двух перыядаў: 20–30–я гг. мінулага стагоддзя і сучаснасць. Аснову экспазіцыі складуць прадметы са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, музеяў БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, аддзела рэдкай і каштоўнай кнігі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

У першы кампазіцыйны раздзел увойдзе тэматычны матэрыял, звязаны з гісторыяй станаўлення ўніверсітэта і фарміраваннем у 30–я гг. новых інстытутаў на яго базе. У прыватнасці, тут можна будзе пазнаёміцца з копіяй Дэкрэта аб утварэнні першага ў Беларусі ўніверсітэта, першымі арыгінальнымі навуковымі выданнямі, сярод якіх часопіс "Веснік БДУ", вучоныя запіскі, падручнікі, а таксама пабачыць дыпломы першых выпускнікоў.

У гэтым жа раздзеле будуць прадстаўлены асабістыя рэчы выбітных навукоўцаў, прафесійная дзейнасць якіх цесна звязана з БДУ. Гэта ручка, чарніліца, фотаальбом першага рэктара ўніверсітэта Уладзіміра Пічэты; пасведчанне і нататнік народнага камісара асветы, першага дырэктара Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Усевалада Ігнатоўскага ды іншыя.

Сучасны перыяд БДУ прадстаўлены праз навукова–тэхнічную прадукцыю і распрацоўкі. Гэта шырокі пласт навуковых дасягненняў навукоўцаў універсітэта ў розных галінах: біятэхналогія, касмічныя тэхналогіі, медыцына, фізіка, хімія, прыборабудаванне, энэргазберажэнне, ахова навакольнага асяроддзя і г.д.

Арганізатарамі выставы з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Выстава будзе працаваць да 3 лістапада.

Акрэдытацыя журналістаў па тэл.: 209–54–10; 209–53–43 (прэс–служба БДУ).

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12,

штодня з 11.00 да 19.00

тэл. 321 23 71, 327 43 22